Людміла Казак патрабуе скасаваць пастанову ў адміністрацыйнай справе, якую міністэрства выкарыстоўвае ў якасьці фармальнай нагоды для спыненьня яе адвакацкай ліцэнзіі. У скарзе Казак адзначыла, што пры сваім затрыманьні ў канцы верасьня нават фізычна не магла аказаць непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі — яе схапілі раптоўна і адразу ж пасадзілі ў службовы аўтамабіль, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Адвакатка прывяла ў якасьці доваду норму артыкулу 23.4 Закона аб органах унутраных спраў. Яна абавязвае супрацоўніка органаў унутраных спраў ва ўсіх выпадках абмежаваньня правоў і свабодаў грамадзяніна тлумачыць яму падставы для гэтага, а таксама правы і абавязкі. Адвакатка лічыць, што яе затрыманьне было больш падобным да выкраданьня, ніхто ёй не назваўся і не тлумачыў падставаў затрыманьня.
Раней праваабаронцы заявілі, што ціск на Казак можа быць зьвязаны выключна з тым, што адвакатка абараняе інтарэсы палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай.
Абаронца таксама прывяла ў скарзе факты парушэньня сілавікамі яе права на абарону ў ходзе адміністрацыйнага працэсу. Яна мела права на дапамогу адваката з моманту абвяшчэньня ёй аб адміністрацыйным затрыманьні. Аднак у Цэнтральны РУУС адвакатаў Людмілы Казак не пусьцілі, яна трапілі да падабароннай толькі на наступны дзень, калі Казак ужо прывезьлі на Акрэсьціна.