Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: «Час ідэалізму мінуў, вясна запатрабуе ад нас жорсткага рэалізму»


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота
Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Сьвятлана Алексіевіч расказала пра сваё бачаньне цяперашняй сытуацыі ў Беларусі і будучыні пратэстаў. Цалкам інтэрвію апублікавала «Народная воля», вось некалькі цытатаў зь яго.

Трэба працаваць, адваёўваць тое, што называецца шэрай зонай: заваёўваць людзей, якія яшчэ ня выбралі, на чыім яны баку, якія пакуль ня ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці. Браць правільную інтанацыю, адмовіцца ад лаянкавага, абразьлівага тону.

Улада ўзяла курс на гвалт, нават на генацыд супраць сумленнасьці і годнасьці грамадзянаў. Дыктатарскай уладзе не патрэбен годны чалавек. А нам цяпер вельмі важна захавацца маральна. Я думаю, гэта адзінае выйсьце з становішча: трэба захаваць павагу да сябе.

Наперадзе вясна, яна павінна стаць сурʼёзным выпрабаваньнем. Калі ж не, зноў засьнём, і гэта можа быць надоўга.

Расея — вялізная, моцная краіна, прычым зь вялікім патэнцыялам рэвалюцыйнасьці: генэтычнай, мэнтальнай. І яна, безумоўна, выбухне рана ці позна.

Калі нас выйдзе мільён, гэта будзе іншая краіна. Але ці выйдзе нас мільён? Хаця, калі прыгадаць жнівень 2020 году, калі ў населеным пункце літаральна з 50 чалавек выходзілі са сьцягамі 25 жыхароў…

Гэта вонкавае маўчаньне [беларусаў пад ціскам рэпрэсій]. Маўчаньне перад выбухам. Яно можа быць доўгім, так… Некалькі гадоў. Нічога нельга сёньня прадбачыць, як яно будзе.

Цяпер у Эўропе, як толькі чуюць слова «беларусы», адразу кідаюцца з пытаньнямі: «Як там у вас? Што там у вас?». Мы як палітычная нацыя зьявіліся ня толькі самі для сябе, мы зьявіліся і для сьвету.

Нам могуць крыху дапамагчы з-за мяжы, але дабіцца перамогі можам толькі мы самі. Так, часы цёмныя, як такі закон з краіны зьнік, замест яго вылезла нешта грубае, сялянскае.

Ніхто ня можа супрацьстаяць часу. Краіне ў цэнтры Эўропы патрэбны перамены. Бо пакуль што ўвесь вялікі сьвет — асобна, а мы асобна. Такі калгасны выган. А наўкола ўжо зусім іншае жыцьцё.

Колькі фантастычна мужных людзей вылучыў час: Маша Калесьнікава, Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч, сам Віктар Дзьмітрыевіч Бабарыка, мілая, дзівосная Каця Андрэева, якую я ведаю асабіста… Як годна і прыгожа яны паводзяць сябе. А прыгожая жанчына Юлія Слуцкая? Зь якой іроніяй і мужнасьцю яна праходзіць праз выпрабаваньні ў СІЗА. Вядома, так прыніжаць людзей можа толькі «калгасная этыка»: каб не працаваў унітаз, каб не было гарачай вады, каб не было бялізны і матрацаў. Каб людзі, выходзячы на волю, пакідалі сукамэрнікам сваё чыстае сподняе, бо забаронены перадачы. Калі гэта чытаеш, думаеш з жахам: хто, якога кшталту чалавек мог гэта прыдумаць у ХХІ стагодзьдзі?

Для таго, каб напісаць пра гэтых маральных злачынцаў, а галоўнае, выжыць пасьля гэтага, трэба, каб у табе не перамог адчай. Каб жыла вера, што твае дзеці і ўнукі ніколі ўжо не зазнаюць такіх прыніжэньняў.

І цяпер не магу ўявіць, што мы пройдзем ваенным шляхам — гэтага дапусьціць нельга. Тады Лукашэнка атрымае поўнае права раздушыць пад гусеніцамі танкаў сотні студэнтаў. Тым ня менш час ідэалізму мінуў, вясна запатрабуе ад нас жорсткага рэалізму. Патрэбны сурʼёзныя палітыкі.

Я ніколі б ня зьехала, калі б маё здароўе было крыху мацнейшае. Але ў маіх плянах, вядома, стаіць вясновае вяртаньне ў Менск. І я хацела б вярнуцца ў новую краіну. Кожны з нас сёньня павінен выстаяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG