На памежным пункце Райгардас выявілі кантрабанду беларускіх цыгарэтаў на 355 тысяч эўра, паведаміла Мытня Літвы. Кіроўца грузавіка сказаў, што вязе 22 тоны бэтонных блёкаў. Але пад бэтонам аказаліся цыгарэты.
Хоць кантрабанду выявілі яшчэ 18 лютага, мытнікі дагэтуль працягваюць дэмантаваць бэтонныя блёкі і падлічваць цыгарэты. Справа няпростая, — піша літоўская мытня, — некаторыя блёкі з цыгарэтамі, а іншыя з суцэльным бэтонам — каб не выклікала падазрэньне вага грузу. Ужо налічылі ня менш за 100 тысяч пачак на больш як 350 тысяч эўра.
Кіроўцу-беларуса затрымалі.
Мытнікі адзначылі, што кантрабандысты часта выбіраюць для схованак драўніну ці будаўнічыя матэрыялы — такія грузы цяжка кантраляваць.
Летась у Літву кантрабандным шляхам увезьлі 388 млн цыгарэт, 93% з гэтага аб’ёму паступіла зь Беларусі.
Днямі рэкордную кантрабанду беларускіх цыгарэтаў выявілі і ў Польшчы — 1,8 мільёна пачкаў на 7,5 млн даляраў.
У сьнежні ва Ўкраіне затрымалі амаль два мільёны пачкаў кантрабандных цыгарэтаў зь Беларусі.
У Расеі кантрабанда зь Беларусі складае больш як палову нелегальнага тытунёвага рынку. І зарабляюць на гэтым бізнэсоўцы, набліжаныя да Аляксандра Лукашэнкі. Да такой высновы прыйшло супольнае расьсьледаваньне расейскага выданьня «Праект», беларускага сайта Naviny.by і тэлеканалу «Белсат».
У лістападзе літоўскі інфармацыйны партал delfi.lt апублікаваў спэцыяльнае расьсьледаваньне пра кантрабанду тытунёвых вырабаў зь Беларусі ў Літву. Зь яго вынікае, што гэтая кантрабандная дзейнасьць адбываецца не бязь ведама, а магчыма, і не без удзелу беларускіх уладаў.