Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баскетбалістка Леўчанка пра супрацоўнікаў турмы на Акрэсьціна: «Я памятаю іх твары, прозьвішчы і нават больш»


Алена Леўчанка
Алена Леўчанка

Славутая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка пракамэнтавала даклад Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі аб зьдзеках з жанчын.

Алена Леўчанка пацьвердзіла інфармацыю дакладу пра беспрэцэдэнтныя зьдзекі рэжыму Лукашэнкі зь беларускіх жанчын, піша «Трыбуна».

«Не расказвайце мне і людзям вашай хлусьні, што гвалту не было! Я адчула яго на сабе, як і тысячы беларускіх жанчын, якія пабывалі ў турме! І высьпяткі з абразамі, якія я і мая сукамэрніца атрымалі, я таксама ніколі не забуду! Я памятаю іх твары, ведаю імёны, прозьвішчы і нават больш», — напісала Леўчанка ў інстаграме.

Таксама Алена пракамэнтавала словы журналісткі Анісіі Казьлюк, якая пасьля знаходжаньня ў СІЗА Жодзіна расказала пра пагаршэньне здароўя і пра тое, што супрацоўнікі ЦІП адключалі ацяпленьне ў камэрах.

«Каля кожнай камэры ёсць краны, якія яны адкрываюць і закрываюць, калі хочуць. Імі яны гэтак сама кантралююць уключэньне і выключэньне вады і каналізацыі. Як мне сказаў сам таварыш Шапецька (начальнік ЦІП): „Гэта робіцца для таго, каб вам больш не хацелася сюды вярнуцца“. Але гавораць прыгожа. Чаго ня зробіш для БТ», — напісала Леўчанка.

У кастрычніку Алена Леўчанка адбыла 15-дзённы арышт за ўдзел у «несанкцыянаванай масавай акцыі». Пасьля гэтага яе яшчэ і аштрафавалі. Баскетбалістка тады ж заявіла пра нялюдзкія ўмовы, якія стварыла адміністрацыя ізалятару на Акрэсьціна.

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі 22 лютага апублікаваў трэцюю прамежкавую справаздачу аб прымяненьні катаваньняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня ў адносінах жанчын. Сярод высноваў: затрыманых жанчын са жніўня 2020 году нярэдка аглядалі сілавікі-мужчыны, мэдычную дапамогу аказвалі ў адзінкавых выпадках, умовы ўтрыманьня парушалі ўсе законы як унутры краіны, так і міжнародныя нормы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG