Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страты беларускага спорту хутка не аднавіць». Як жывуць спартоўцы, якія выступілі супраць Лукашэнкі


Пратэставы марш у Менску, 13 верасьня. Калёна спартоўцаў
Пратэставы марш у Менску, 13 верасьня. Калёна спартоўцаў

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі дзеяньні ўладаў асудзілі больш за дзьве тысячы прадстаўнікоў спорту. Яны падпісалі адкрыты ліст з заклікам спыніць гвалт, вызваліць усіх палітвязьняў і правесьці паўторныя выбары.

Пасьля гэтага ў спартоўцаў пачаліся праблемы. У мэтах бясьпекі некаторыя зь іх вымушаныя былі пакінуць Беларусь, расказвае тэлеканал «Настоящее время».

«Мяне звольнілі адусюль»

Пасьля выступу супраць міліцэйскага гвалту і несумленных выбараў, лёгкаатлет, прызэр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка застаўся без працы. У лістападзе спартоўца затрымалі ў цэнтры Менску і пасадзілі на 10 дзён у жодзінскі ізалятар, дзе Краўчанка прайшоў праз катаваньні і заразіўся каранавіруснай інфэкцыяй.

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

«Да выбараў усё ў мяне пачалося, маё, так бы мовіць, прасьвятленьне: я ўбачыў, як пачаліся фальсыфікацыі, калі з вокнаў яны там усе выскоквалі зь бюлетэнямі. Калі пачалі садзіць Бабарыку, Ціханоўскага... Для мяне гэта было ўсё. Я ўжо зразумеў, што гэта самы сапраўдны падман людзей, што я маўчаць ня буду і я цалкам ня згодны», — успамінае Андрэй Краўчанка.

«Мала часу цяпер удзяляю трэніроўкам, трэніравацца я не магу зараз у Беларусі, таму што ўмоваў для мяне тут ужо няма. Мяне звольнілі адусюль. І наогул пазбавілі, можна сказаць, усяго», — кажа спартовец.

«Складаная сытуацыя: нас усюды папрасілі»

Ня стаў маўчаць і галоўны трэнэр гандбольнага клюба «Віцязь» Канстанцін Якаўлеў, які разам з камандай адзін зь першых выступіў у абарону рэпрэсаваных спартоўцаў. У знак пратэсту супраць арышту баскетбалісткі Алены Леўчанкі гульцы «Віцязя» адмовіліся выходзіць на пляцоўку. Практычна адразу пасьля гэтага клюб адхілілі ад удзелу ў чэмпіянаце Беларусі.

«Нічога добрага ў нас не адбываецца, пахваліцца няма чым. Складаная сытуацыя: нас, натуральна, усюды „папрасілі“. Як ужо шмат хто ведае, са мной не працягнулі кантракту — я быў выкладчыкам у БНТУ. У мяне былі вельмі добрыя вынікі. Ясна і зразумела, што гэта ўсё зьвязана з маёй грамадзянскай пазыцыяй», — кажа Канстанцін Якаўлеў.

«Я ўжо да спорту ніякага дачыненьня ня маю»

Праблемы ў кар’еры паўсталі і ў кікбаксэра Івана Ганіна, які падпісаў зварот свабодных спартоўцаў і асудзіў самавольства ўладаў. У верасьні, калі сілавікі працягвалі жорстка разганяць мірныя акцыі пратэстаў, Іван Ганін адмовіўся ўдзельнічаць у чэмпіянаце рэспублікі.

«Праз тое, што я не баксіраваў на чэмпіянаце рэспублікі, на адзіным старце, пазбавіўся свайго месца ў нацыянальнай зборнай, хоць я там быў 12 гадоў. А літаральна тыдзень таму мне паведамілі, што мяне адлічылі з спартовай школы. Груба кажучы, я ўжо не спартовец і да спорту ніякага дачыненьня ня маю», — канстатуе Іван Ганін.

«Пакуль новыя кадры падрыхтуюцца, думаю, адзін алімпійскі цыкл дакладна страцім»

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў спартоўцы, як і ўсё грамадзтва ў Беларусі, падзяліліся: адны асудзілі гвалт і падтрымалі пратэст, іншыя выступілі за рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Спартоўцаў, якія выступілі за перамены, адлічылі са зборных, выгналі з заляў і тым самым пазбавілі магчымасьці трэніравацца.

«У нас любяць людзей, якія проста ківаюць галавой, а ўсе, хто ня згодныя, як нядаўна сказаў адзін дзеяч, — лішнія людзі. Я, напэўна, да такіх ужо адношуся. Лішні для краіны», — кажа лёгкаатлет і прызэр Алімпійскіх гульняў 2008 году Андрэй Краўчанка.

Па словах непажаданых для ўладаў спартоўцаў, сёньня беларускі спорт нясе сурʼёзныя страты, аднавіць якія ў найбліжэйшыя гады ўжо не атрымаецца.

«Калі штучна прыбіраюць спартоўцаў, якія даюць вынік, адкуль узяцца [выніку]? Я думаю, што будзе вельмі вялікі правал. Мы яшчэ гэта пабачым», — лічыць трэнэр «Віцязя» Канстанцін Якаўлеў.

Кікбаксэр Іван Ганін таксама ўпэўнены, што беларускі спорт многае страціць са звальненьнямі нязгодных з рэжымам спартоўцаў.

«Будзе праслойка такая. І я ня ведаю, за колькі гадоў яна папоўніцца. Але тыя, каго адхілілі, і тыя, хто на іх месца прыйдзе, — пакуль гэтыя кадры падрыхтуюцца, думаю, адзін алімпійскі цыкл дакладна страцім. Магчыма, і два», — кажа Іван Ганін.

Ліст супраць гвалту падпісалі больш за дзьве тысячы беларускіх спартоўцаў. Нягледзячы на рэпрэсіі, якія іх закранулі, аб сваіх учынках яны не шкадуюць і вераць у хуткія перамены ў Беларусі.

«У кожным чалавеку жыве такі маленькі баязьлівец. І ёсьць розныя жыцьцёвыя абставіны, калі гэты баязьлівец можа вырасьці ў вялікага баязьліўца. Калі вясной кожны гэтага баязьліўца маленькага загоніць як мага далей, каб ён не пачаў расьці, тады, я думаю, усё будзе нармальна», — спадзяецца Андрэй Краўчанка.

Па дадзеных Фонду спартовай салідарнасьці, з палітычных матываў у Беларусі звольнілі 113 спартоўцаў, на пяцярых завялі крымінальныя справы, праз затрыманьні прайшлі 49 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG