Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі падрыхтаваў трэцюю прамежкавую справаздачу, якая тычыцца прымяненьня катаваньняў, жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня да жанчын, піша «Прававая ініцыятыва».
Асноўная эскаляцыя адбывалася 9-13 жніўня 2020 году па ўсёй Беларусі. Гвалт супраць мірных дэманстрантаў працягнуўся да канца 2020 году і ў студзені 2021-га. Прадстаўнікі дзяржавы ігнаравалі асаблівыя патрэбы жанчын у няволі, зьневажалі іх чалавечую годнасьць. Гэта расцэнена як прамое парушэньне нацыянальных прававых нормаў і абавязаньняў дзяржавы ў міжнародных дамовах.
Справаздача адзначае, што фізычныя катаваньні ў адносінах жанчын 9-13 жніўня мелі меншы ахоп, чым да мужчын, аднак і адсотак жанчын, затрыманых на акцыях у гэтыя дні, значна меншы. Мэдычную дапамогу жанчынам не аказвалі, або аказвалі ў адзінкавых выпадках.
«Дастаўка ў пэнітэнцыярныя ўстановы і ўмовы ўтрыманьня ў іх не адпавядаюць міжнародным стандартам і нацыянальнаму заканадаўству. Гэта катаваньні, жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне, якое прыніжае чалавечую годнасьць», — гаворыцца ў дакумэнце.
Паводле справаздачы, на скаргі, пададзеныя ў органы пракуратуры на ўмовы ўтрыманьня, дзяржава не рэагуе і працягвае мэтанакіраваную практыку стварэньня жорсткіх, бесчалавечных умоў утрыманьня жанчын у месцах няволі. Ніводнай крымінальнай справы па заявах пра катаваньні адпаведныя органы не пачалі.
«Шматлікія акты гвалту, ужытыя да жанчын, у сілу масавасьці цалкам падпадаюць пад юрысдыкцыю арт. 128 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь „Злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва“; парушаюць Канвэнцыю супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня і пакараньня, а таксама Канвэнцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын».
Дакумэнт адзначае, што ва ўсіх месцах несвабоды парушаюцца палажэньні Мінімальных стандартных правілаў абыходжаньня са зьняволенымі (Правілы Нэльсана Мандэлы). Напрыклад, жаночыя аддзяленьні турмы павінны знаходзіцца ў падпарадкаваньні адказнага супрацоўніка жаночага полу.
Ніводзін супрацоўнік-мужчына ня можа дапускацца ў жаночае аддзяленьне без суправаджэньня супрацоўніцы, надгляд над жанчынамі таксама павінны рабіць жанчыны. Насуперак названым нормам асабісты агляд затрыманых жанчын нярэдка праводзілі мужчыны.