Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН: Доказы супраць сілавікоў у Менску ёсьць


Анаіс Марэн
Анаіс Марэн

Францускі экспэрт, спэцдакладчык ААН у галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн у інтэрвію «Нямецкай хвалі»​ расказала, як рыхтуецца яе новы штогадовы даклад і як можна паўплываць на ўлады ў Менску.

Анаіс Марэн абвясьціла аб пачатку падрыхтоўкі дакладу, які адлюструе падзеі ў Рэспубліцы Беларусь у 2021 годзе. У інтэрвію Марэн патлумачыла, як будзе праходзіць работа над дакумэнтам і якім чынам цяпер можна паўплываць на стаўленьне беларускіх уладаў да захаваньня правоў чалавека ў краіне.

— Як выглядае ваша праца над дакладам аб правах чалавека ў Беларусі?

— Штогадовы даклад для Рады правоў чалавека ААН я рыхтую паводле рэзалюцыі, якая прымаецца Радай. Для гэтага мы зьбіраем і вывучаем дадзеныя, атрыманыя намі з розных крыніц, і пераправяраем іх. Сярод такіх крыніц можа быць ўрад Беларусі, дыпляматычныя місіі ў Менску, якія ведаюць, што адбываецца ў краіне, міжнародныя арганізацыі, а таксама беларускія структуры грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцы. Мы пастаянна атрымліваем справаздачы і даклады розных праваабарончых арганізацый

Сёлета мы публічна абвясьцілі, што вітаем атрыманьне ад усіх зацікаўленых бакоў матэрыялаў для нашага новага дакладу. І цяпер я амаль штодня атрымліваю нейкія заявы, доказы парушэньня правоў чалавека ў Беларусі і сьведчаньні ад саміх ахвяр рэпрэсій. Сярод іншага, ёсьць і відэа з доказамі.

— Чым будзе гэты даклад адрозьнівацца ад двух папярэдніх, складзеных вамі?

— Даклад для Рады правоў чалавека ААН будзе прысьвечаны непасрэдна парушэньням правоў чалавека ў 2021 годзе. У гэтым выпадку, трэба сказаць, няма месца для нейкіх інавацый. Іншая справа — даклад для Генэральнай Асамблеі ААН. Гэта тэматычны даклад, і тут я больш вольная ў выбары нейкага аспэкту, на які можна зрабіць акцэнт. Даклад для Рады — гэта своеасаблівая панарама, аднак сёлета я вырашыла зьвярнуць асаблівую ўвагу на сытуацыю ў сфэры адукацыі ў Беларусі.

Мне здаецца важным асьвятліць праблемы, якія ёсьць і былі раней — выпадкі рэпрэсіяў супраць студэнтаў паводле палітычных матываў, супраць дырэктараў школ, якія страцілі працу пасьля таго, як яны вялі сумленны падлік галасоў на выбарах. Усе гэтыя рэчы ўзаемазьвязаныя. І яны дэманструюць, наколькі ў краіне парушаецца права на свабоднае выказваньне думак.

— Улады ў Менску не прызнаюць ваш мандат, не жадаюць з вамі супрацоўнічаць і не пускаюць у краіну. Калі вы апошні раз былі ў Беларусі? Ці не перашкаджае такое ігнараваньне з боку ўладаў падрыхтоўцы дакладу?

— Апошні раз я была ў Менску ўвосень 2018 году. Улады робяць выгляд, што майго мандату не існуе. Я вельмі люблю Беларусь. У мяне там сябры. І, вядома ж, для працы над дакладам было б вельмі карысна наведаць краіну, пабываць, напрыклад, у турмах, сустрэцца з рознымі людзьмі, у тым ліку і з прадстаўнікамі ўраду. Таму што папраўдзе першы адрасат маіх рэкамэндацый — гэта беларускія ўлады.

Вельмі шкада, што яны ня хочуць супрацоўнічаць са мной, бо ў адваротным выпадку яны б маглі даць мне афіцыйную інфармацыю пра тое, што імі сапраўды робіцца для абароны правоў чалавека ў краіне. Да гэтага часу яны не скарысталіся такой магчымасьцю.

— Навошта складаць даклады, калі афіцыйны Менск не заўважае такія дакумэнты і іх складальнікаў?

— Я думаю, што насамрэч заўважае. Мяркую, што сваёй працай даволі моцна перашкаджаю уладам. У Радзе Бясьпекі ААН і ў Радзе правоў чалавека выступала ня толькі я, але і памочніца Вярхоўнага камісара. Акрамя таго, у розных сустрэчах прынялі ўдзел шматлікія міжнародныя экспэрты ў гэтай тэматыцы. І ў адказ мы ня раз бачылі незадаволенасьць з боку ня толькі Беларусі, але і іншых краін, якія таксама лічаць, што правы чалавека — гэта толькі іх унутраная справа.

Я незалежны экспэрт, не дыплямат і не прадстаўнік ААН. Такія даклады — гэта толькі адзін з інструмэнтаў. Мы адпраўляем лісты на адрас уладаў, каб яны растлумачылі сытуацыю ў той ці іншай справе, далі гарантыі, што, напрыклад, чалавек, які цяпер знаходзіцца за кратамі, мае доступ да адваката і гэтак далей. Да нас зьвярталіся праваабаронцы з удзячнасьцю, расказваючы, што пасьля адпраўленьня нашых лістоў, падтрыманых тэматычнымі спэцдакладчыкамі (аб катаваньнях, свабодзе сходаў, СМІ і г. д.), пасьля нашага ўмяшаньня становішча такіх асобаў паляпшалася.

Акрамя таго, мне здаецца, што ёсьць і пэдагагічнае вымярэньне ў гэтых лістах — мы ўвесь час нагадваем пра міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека. Уладам паказваецца, што ёсьць міжнародныя канвэнцыі, якія Беларусь падпісала і ратыфікавала, і іх патрабаваньні трэба выконваць.

— У вашым дакладзе за мінулы год і ў заявах многіх праваабаронцаў гаворыцца пра беспрэцэдэнтны узровень гвалту ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Вы сказалі, што ваш даклад — толькі адзін з інструмэнтаў. Якія ёсьць яшчэ, каб паўплываць на ўлады Беларусі з мэтай паляпшэньня ў краіне сытуацыі з правамі чалавека?

— Вы напэўна ведаеце, што 17 краін АБСЭ запусьцілі так званы Маскоўскі мэханізм для вывучэньня становішча ў Беларусі. Дакладчыкам быў выбраны аўтарытэтны экспэрт АБСЭ, аўстрыйскі прафэсар Вольфганг Бэнэдэк (ён быў дакладчыкам у рамках Маскоўскага мэханізму ў справе парушэньня правоў чалавека ў Чачэніі ў 2018 годзе).

У лістападзе 2020 году быў апублікаваны напісаны ім даклад, у якім зафіксаваныя ўсе парушэньні, якія былі да, падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, і дадзеныя рэкамэндацыі — ня толькі для ўраду краіны, але і для ўсіх дзяржаў – сяброў АБСЭ. Цяпер толькі іх палітычная воля можа дапамагчы паляпшэньню сытуацыі.

Я таксама спадзяюся на тое, што пракуроры ў іншых краінах у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі адкрыюць крымінальныя справы супраць тых беларускіх сілавікоў, якія пасьля выбараў зьдзяйсьнялі такія сур’ёзныя злачынствы, як катаваньні. У нас ёсьць доказы, маса сьведчаньняў пра гэта. І пацярпелыя маюць права на справядлівае правасудзьдзе, якое ў самой Беларусі, на жаль, цяпер немагчымае.

Мой мандат як спэцдакладчыка абмежаваны, я не магу ні ў якім разе ўдзельнічаць у разглядзе такіх спраў. Але калі да мяне зьвяртаюцца ахвяры рэпрэсій, я павінна ім нешта сказаць. Мая апошняя надзея — каб гэтыя людзі мелі права на расьсьледаваньне іх спраў менавіта за мяжой. Зразумела, пакуль тыя, хто парушаў закон, ужываў катаваньні, застаюцца ў Беларусі, нічога зь імі ня здарыцца. Але працэсы ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі хоць бы пакажуць, што ўвага міжнароднай супольнасьці да становішча ў Беларусі ня зьнікла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG