За ўдзел акцыі, пасьля якой жанчыну затрымалі, ёй прысудзілі адміністрацыйны арышт, але на волю ўжо ня выпусьцілі. Натальлі Раентавай прад’явілі абвінавачаньне ў гвалце над байцом АМАПу, піша Tut.by.
Па вэрсіі сьледзтва, жанчына ўкусіла нападніка за левае сьцягно. Рана была несур’ёзнай, яму нават не далі бальнічны, але ён ацаніў у 2 тысячы рублёў «маральныя пакуты».
Згодна з матэрыяламі справы, вечарам 29 жніўня Натальля і Аляксандар Раентавы ўдзельнічалі ў суботнім жаночым маршы. Калі АМАП пачаў разгон, Натальля з братам забеглі ў тралейбус. Рукой паказалі іншым удзельнікам, каб яны таксама забягалі туды. Гэтым яны й прыцягнулі ўвагу. Брат і сястра праехалі адзін прыпынак, пасьля чаго ў салён забеглі невядомыя людзі ў чорным і пачалі іх выцягваць.
У абвінавачаньні адзначаецца, што Раентава «хапала рукамі пацярпелага за тулава, канцавіны і вопратку, зрабіла ўкус левага сьцягна, чым нанесла апошняму фізычны боль і цялесныя пашкоджаньні, што не пацягнула кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасьці».
Пацярпелым праходзіць Андрэй Хоміч, які з 2012 году працуе на пасадзе камандзіра аддзяленьня 4-й апэратыўнай роты 12 узводу АМАПу. У судзе амапавец растлумачыў, што ў той дзень у складзе мабільнай групы зь пяці супрацоўнікаў «ахоўваў грамадзкі парадак». Перасоўваліся ў балаклавах на серабрыстым мікрааўтобусе без нумароў, пры гэтым Хоміч сказаў, што яны вялі службу «адкрыта». Зь пяці супрацоўнікаў у форме былі толькі двое, астатнія — у цывільным, у тым ліку сам Хоміч.
На пытаньне судзьдзі, хто вызначае форму адзеньня, міліцыянт растлумачыў, што гэта вырашае камандзір АМАПу. Задачы ад «старшых кіраўнікоў», дзе і як працаваць на масавым мерапрыемстве, ім паступаюць вусна.
Хоміч настойваў, што пры ўваходзе ў тралейбус супрацоўнікі назвалі сябе. На ўдакладняльныя пытаньні, хто менавіта і калі называўся, прызнаны пацярпелым сілавік так і не адказаў, але выказаў упэўненасьць, што Раентавы «разумелі, што перад імі супрацоўнікі міліцыі». Прычыну затрыманьня, як прызнаўся супрацоўнік, затрыманым брату і сястры агучылі ўжо ў службовым аўтобусе, у тралейбусе на гэта нібы «не было часу». Пытаньняў ад іншых пасажыраў тралейбуса, па словах Хоміча, не было.
Але відавочцы затрыманьня казалі іншае. У судзе ў адміністрацыйнай справе за ўдзел у акцыі пасажырка тралейбуса Марына Таранчук сказала, што частка тых, хто затрымліваў Раентавых, была ў чорнай вопратцы з надпісам «АМАП», а частка ў цывільным. Ніхто не называў сябе і не тлумачыў.
«Гэта было страшна. Уявіце сабе: нейкія невядомыя забягаюць у тралейбус і пачынаюць цягаць людзей. Хіба вы не былі б у стане стрэсу?»
Брат абвінавачанай Аляксандар Раентаў, на якога таксама завялі крымінальную справу, у судзе заявіў, што ўспрыняў дзеяньні людзей у чорным як «бандыцкія».
Натальля на стадыі папярэдняга сьледзтва сьведчыла, што ўкус быў ад страху. У судзе яна яшчэ раз адзначыла, што не разумела, што людзі ў чорным і цывільным адзеньні — супрацоўнікі міліцыі. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза паказала, што Раентава ў момант затрыманьня «не была ў стане афэкту, усьведамляла свае дзеяньні і магла імі кіраваць».
Раентава знаходзіцца ў СІЗА ўжо шосты месяц. Яе адвакат настойвае, што затрыманьне было імгненным, абвінавачаная не ўсьведамляла, што перад ёй супрацоўнікі міліцыі, а ўкус — «рэакцыя на стрэсавую сытуацыю».
На пытаньне судзьдзі Тацяны Акавітай, ці ёсьць у яе дадатковыя хадайніцтвы, Раентава адказала, што ня бачыць у іх сэнсу, бо «ўсе ўжо ведаюць, колькі я атрымаю».
Апошняе слова Натальлі Раентавай прагучыць 24 лютага а 10:00.