Пра гэта яна сказала ў інтэрвію расейскамоўнаму сайту «Медуза».
«Я бясконца захапляюся дзясяткамі тысяч пратэстуючых жанчын, якія бяруць на сябе сьмеласьць абараняць мужчын ад нападаў АМАПу.
Я думаю пра беларускіх жанчын-палітыкаў, імёны якіх сталі сымбалем барацьбы за дэмакратыю і пра якіх гавораць ва ўсім сьвеце.
Аб выкрадзенай Марыі Калесьнікавай, якая парвала свой пашпарт на мяжы, каб пазьбегнуць дэпартацыі ва Ўкраіну.
Аб вымушаных эмігрантках Сьвятлане Ціханоўскай і Вераніцы Цапкале. Аб прывезенай сілай на мяжу з Польшчай Вользе Кавальковай.
Але больш за ўсё, мабыць, я думаю аб Сьвятлане Алексіевіч, выбітнай пісьменьніцы, нобэлеўскую ляўрэатцы, апошняму, наколькі я ведаю, сябру апазыцыйнай Каардынацыйнай рады, якая засталася на волі».
У 2019 годзе Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры атрымала польская пісьменьніца Вольга Такарчук — за «пісьменьніцкае ўяўленьне, якое з энцыкляпэдычным запалам паказвае парушэньне межаў як лад жыцьця».
У лістападзе 2020 году Вольга Такарчук была сярод 50 польскіх пісьменьнікаў, якія падпісаліся пад адкрытым лістом да беларускіх літаратараў, у якім асуджаюць беларускія «самазваныя ўлады, якія топчуць Канстытуцыю і асноўныя правы чалавека і грамадзяніна».
Адказваючы на адкрыты ліст беларускай пісьменьніцкай супольнасьці, польскія пісьменьнікі напісалі, сярод іншага:
«У цяжкі і для Польшчы час мы са сьціснутым сэрцам чытаем ваш адкрыты ліст і навіны, якія надыходзяць зь Беларусі, пра штораз шырэйшыя бяспраўе і гвалт. (...) У час выпрабаваньня будзьце ўпэўненыя ў нашай салідарнасьці. Правы чалавека аднолькавыя для ўсіх — у іх абароне мы заўсёды змагаемся за нашу і вашу свабоду».
Пад лістом падпісалася пляяда найбольш вядомых польскіх пісьменьнікаў, сярод якіх Вольга Такарчук, Юзэф Гэн, Уршуля Козел, Рышард Крыніцкі, Эва Ліпска, Пётар Сомэр, Малгажата Шэйнэрт, Адам Паморскі, Адам Загаеўскі.