Другое судовае пасяджэньне пачалося ў 10.30. Працэс вядзе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, дзяржаўны абвінаваўца — Людміла Іваненка, Арцёма Сарокіна абараняе адвакат Вольга Бацюк, Кацярыну Барысевіч — Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук.
Працэс праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, так на першым пасяджэньні вырашыў суд.
Як піша Tut.by, 22 лютага на пасяджэньне выклікалі сьведак — першым зь іх стаў лекар шпіталя хуткай дапамогі, які лячыў Рамана Бандарэнку. Паводле яго слоў, выклікаць будуць усіх, хто аказваў яму мэдычную дапамогу.
Допыт першага калегі Арцёма Сарокіна доўжыўся каля 40 хвілін. Зь яго ўзялі падпіску аб невыдаваньні, таму ён расказаў мала:
«Што сказаць? Самае страшнае адбылося нашмат раней, чым „раскрыцьцё лекарскай таямніцы“. Рады, што ўбачыў Арцёма. Ён і Кацярына трымаюцца бадзёра».
Да 12 гадзіны скончыўся допыт трох сьведак-лекараў. Пасьля перапынку на абед дапыталі яшчэ двух.
Суд над журналісткай і лекарам можна назваць закрытым і ў прамым сэнсе гэтага слова: кожны раз пасьля таго, як нехта заходзіць у залю, дзьверы замыкаюць на ключ. Побач на працягу дня дзяжураць прадстаўнікі сілавых структур: міліцыянты ў форме або супрацоўнікі ў цывільным.
Таму ў зале пасяджэньня практычна нікога няма. У першы дзень падтрымаць лекара і журналістку прыйшлі больш за 100 чалавек.
Крымінальную справу ў дачыненьні да Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна распачалі 19 лістапада 2020 году. Іх абвінавацілі ў разгалошваньні мэдычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — тры гады пазбаўленьня волі.
13 лістапада пад аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на мэдычныя дакумэнты і камэнтар лекара сьцьвярджалася, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было выяўлена сьпірту. Пры гэтым Лукашэнка заяўляў, што памерлы хлопец быў п’яны.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».