Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сваю камэру ў СІЗА называе апартамэнтамі». Што важна ведаць пра Кацярыну Барысевіч


Кацярына Барысевіч
Кацярына Барысевіч

Журналістку парталу TUT.by Кацярыну Барысевіч пачынаюць судзіць 19 лютага. Яе вінавацяць у разгалошваньні мэдычнай таямніцы Рамана Бандарэнкі, забітага на плошчы Пераменаў.

Журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020 году побач з уласным домам. За некалькі дзён да гэтага яна апублікавала артыкул, у якім са спасылкай на лекара Арцёма Сарокіна расказала, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Гэта абвяргала агучаную раней МУС вэрсію.

Да суду Кацярына Барысевіч правяла за кратамі роўна 90 дзён. Рэдактарка аддзелу «Грамадзтва» парталу Tut.by Ульляна Бабаед і блізкая сяброўка Барысевіч Вольга Анцыповіч расказалі Свабодзе пра Кацярыну як журналіста і як чалавека.

«Яна значна большая аптымістка, чым мы»

«Ніякіх прадпасылак для затрыманьня Каці не было, — узгадвае Ўльляна Бабаед дзень 19 лістапада 2020 году. — Прынамсі, мы пра іх ня ведалі і не заўважалі іх. Працуем мы дыстанцыйна і перапісваліся з Кацярынай у той дзень пастаянна. Вырашалі нейкія працоўныя пытаньні. А потым я зьвярнула ўвагу, што Каця доўга не адказвае і яе няма онлайн. Здаецца, гэта было каля 16 гадзіны. Прайшло паўгадзіны. Я стала званіць яе дачцэ, пытацца, дзе Каця. Дар’я адказала, што яна выйшла ў краму на 10–15 хвілін, але цяпер тэлефон адключаны. Мы зразумелі, што адбываецца нешта нестандартнае. І тут жа зьявіўся прэс-рэліз Генпракуратуры, зь якога стала зразумела, што Кацю затрымалі».

Ульляна ўзначальвае на партале аддзел «Грамадзтва», менавіта там працуе Кацярына Барысевіч. Рэдактарка кажа, што ведае Кацярыну вельмі даўно, некалі яны разам працавалі ў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі». І Ўльляна вельмі ўсьцешылася, калі Барысевіч вырашыла перайсьці на Tut.by.

«Я лічу, што гэта адна з найлепшых журналістак Беларусі, — кажа Ўльляна. — У судовай, у крымінальнай журналістыцы. У нас увогуле мала журналістаў, якія працуюць з такімі тэмамі. А Каця ў прынцыпе добры прафэсіянал. Яна вельмі добра ведае ўсе падводныя камяні гэтых тэмаў».

Ульляна кажа, што ў Барысевіч ёсьць журналісцкая ўдача. Калі яна бярэ нейкую тэму, то дастане тое, што ніхто іншы ня зможа зрабіць.

«Каця неяк пісала пра авіякатастрофу, якая ў 80-х гадах адбылася ў Менску, — расказвае рэдактарка. — Мы ведалі, што ў ёй выжыў адзін чалавек, але не маглі знайсьці яго імя. Ні ў архівах, нідзе. Але Каця знайшла тады дзяўчыну, якая выжыла, і зрабіла зь ёй інтэрвію. Альбо калі мы рабілі праект пра трагедыю на Нямізе, то Каця павінна была паразмаўляць з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў. З пракуратурай, сьледчымі. І яна тады змагла амаль з усімі пагаварыць, хоць гэта было няпроста».

Ульляна кажа, што ўся рэдакцыя піша Кацярыне лісты, але адказы атрымліваюць рэдка. За тры месяцы ад Ульляны Бабаед да Барысевіч дайшоў толькі адзін ліст, і на яго таксама прыйшоў адзін адказ.

Tut.by journalist Katsyaryna Barysevich
Tut.by journalist Katsyaryna Barysevich

«Ад Каці заўсёды прыходзяць вельмі аптымістычныя лісты, — кажа Ўльляна. — Мне падаецца, яна значна большы аптыміст, чым мы, яе калегі. Расказвае ў асноўным пра свой побыт, пра свой дзень у СІЗА, пра шпацыры, пра нейкія асабістыя гісторыі дзяўчат, зь якімі яна там знаходзіцца. Вядома, Каця вельмі турбуецца за дачку. Гэта, напэўна, яе непакоіць найбольш. Даша цяпер жыве адна, а раней яны заўсёды былі разам, разам праводзілі ўсе выходныя. Вядома, калі дзіця засталося адно на найманай кватэры, то гэта вельмі цяжка».

Дачка Кацярыны Барысевіч Дар’я ў мінулым годзе паступіла на журфак БДУ. Яна ўжо мае публікацыі ў некалькіх СМІ. Цяпер Дар’я працягвае вучыцца, пасьпяхова здала першую сэсію. 18 гадоў ёй споўнілася, ужо калі Кацярына была за кратамі.

«Мы ёй тлумачылі, што так ніхто ня піша»

Вольга Анцыповіч сябруе з Кацярынай Барысевіч больш за дзесяць гадоў. Яны пазнаёміліся таксама на працы. Вольга была рэдактарам «Камсамолкі», калі Барысевіч прыйшла туды працаваць.

«Каця нарадзіла дачку на другім курсе журфаку, але гэта ёй не замінала давучыцца і працаваць адразу, — расказвае Вольга. — Яна спачатку на „Эўрарадыё“ працавала, потым прыйшла да нас у „Камсамольскую праўду“. Пісала на крымінальную тэматыку, а я выпускала яе тэксты. Гэта быў 2008 год, Каці тады было, здаецца, 24 гады. Недзе празь месяц пасьля таго, як яна прыйшла працаваць, трэба было правесьці прамую лінію з прадстаўнікамі МУС, іх трэба было для гэтага запрасіць да нас. Каця напісала і адправіла. А мы глядзім потым на заяву, а там: „Зьявіцца такога і такога чысла ў такі і такі час для правядзеньня прамой лініі“. Мы пачалі ёй тлумачыць, што так ніхто ня піша, што трэба прасіць іх прыйсьці, гаварыць, наколькі гэта важна, і ўсё такое. А тут проста адзін сказ у такім тоне. Празь пяць хвілін прыйшоў адказ, што прадстаўнік МУС прыедзе ў патрэбны час. Вось так Каця працавала».

Кацярына Барысевіч і яе сяброўка Вольга Анцыповіч
Кацярына Барысевіч і яе сяброўка Вольга Анцыповіч

Вольга кажа, што сумесная праца хутка перарасла ў моцнае сяброўства, можна было разам і паплакаць і ўсё астатняе. Па словах Анцыповіч, Кацярына па-за працай — гэта кніжкі, прагулкі, падарожжы, бабуліны абрусы, кветкі.

«Да Каці шмат людзей прыходзіла са сваімі праблемамі, са сваім болем, — узгадвае Анцыповіч. — Яна заўсёды разьбіралася ў справе. Начамі сядзела над крымінальнымі справамі, спрабавала разабрацца. Часам прыходзілі, так скажам, розныя людзі. Аднойчы прыйшоў мужчына і сказаў, што дакумэнтаў па сваёй справе мае мала, але прынёс доказы. Дастаў з кішэні ганучку, разгарнуў, а там ляжалі выбітыя зубы. І гэтыя зубы былі ягоныя. Такія нават гісторыі здараліся. Але насамрэч Каця пісала артыкулы ня толькі для публікацый. Памятаю гісторыю, калі дзяўчынку органы апекі забралі зь сям’і, бо ўбачылі ў яе бабулі на стале джын-тонік. Сям’я была абсалютна нармальная. Каця шмат пісала пра яе, вельмі хацела вярнуць дзяўчынку ў сям’ю. І яна гэтага дамаглася».

«Ніводнага разу не паскардзілася»

Вольга кажа, што Барысевіч вельмі любіць Італію і можа гадзінамі з асалодай расказваць пра свае паездкі туды, быццам бы яна там нарадзілася. Але гэтаксама яна можа расказваць і пра свае родныя Паставічы ў Старадароскім раёне, дзе жыла да 17 гадоў. Пра сьцяжынкі, пра неба над бабулінай хатай. Гаворыць пра іх гэтаксама, як пра Рым.

Да Вольгі даходзіць шмат лістоў ад Кацярыны, апошні быў пад нумарам 27. Лісты вельмі пазытыўныя, паміж сабой Вольга з Кацярынай жартуюць, што Барысевіч піша нібы з санаторыю.

Дыплём Кацярыны Барысевіч ад рэдакцыі Tut.by
Дыплём Кацярыны Барысевіч ад рэдакцыі Tut.by

«Нагадвае, што зь ёй усё ў парадку, каб мы нічога сабе не прыдумлялі, — расказвае Вольга. — Шмат пра кнігі піша. Пра Італію. Мне прыйшоў ліст на чатыры аркушы, дзе расьпісана, як мы зь ёй разам будзем шпацыраваць па Рыме, дзе будзем абедаць, а дзе вячэраць, як пабачым Калізэй. Гэта неверагодны чалавек. Яна ніводнага разу не паскардзілася. Я ёй ужо пішу, каб расказала, што там зь ёй насамрэч. Калі трэба паныць і паплакаць, каб паныла і паплакала. Каця адказала, што нават не зьбіраецца. Сваю камэру называе „апартамэнтамі“, нейкі столік, які ў іх там ёсьць, — „кавярняй“. Так і піша, што зараз пойдзе ў кавярню пісаць лісты».

Справу Кацярыны Барысевіч і Антона Сарокіна будзе разглядаць суд Маскоўскага раёну Менску ў памяшканьні Дома правасудзьдзя. Артыкул, па якім абвінавачваюць журналістку і лекара, прадугледжвае да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG