Дэмакраты ўнесьлі ў Палату прадстаўнікоў законапраект, які забараняе хаваць на Арлінгтонскіх нацыянальных могілках былых прэзыдэнтаў, якія «двойчы зазнавалі імпічмэнт», інфармуе «Голас Амэрыкі».
Цяпер пад гэтае азначэньне падпадае толькі экс-прэзыдэнт Дональд Трамп.
Законапраект таксама забараняе выкарыстоўваць сродкі з фэдэральнага бюджэту для фінансаваньня мерапрыемстваў у памяць аб прэзыдэнтах, да якіх двойчы прымяняліся працэдуры імпічмэнту. Трамп — адзіны прэзыдэнт у гісторыі ЗША, у дачыненьні да якога двойчы праводзілася расьсьледаваньне аб імпічмэнце.
Законапраект таксама абмяжоўвае выкарыстаньне дзяржаўнага фінансаваньня для «стварэньня або дэманстрацыі любых сымбаляў, помнікаў ці статуй» у гонар прэзыдэнтаў, якія двойчы зазнавалі імпічмэнт, і забараняе называць у іх гонар фэдэральныя будынкі або землі.
Кангрэсмэн-дэмакрат ад штату Каліфорнія Лінда Санчэс, якая прадставіла законапраект, зьвязала яго з тым, што экс-прэзыдэнт заахвочваў «расізм і нянавісьць».
«Гэты закон гарантуе, каб за нянавісьць не было ніякіх ушанаваньняў: ні будынкаў, ні помнікаў, ні нават лаўкі ў парку», — сказала яна.
Рэспубліканка з Ілінойсу Мэры Мілер рэзка асудзіла законапраект, абвінаваціўшы яго аўтараў у апантанасьці Трампам.
«Дзе б яго ні пахавалі, падобна, што ён навечна застанецца ў вашых розумах. Нішто так ня сьведчыць пра „адзінства“, як законапраект, накіраваны супраць канкрэтнага чалавека», — напісала яна ў чацьвер у Твітэры.