Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пачала працэдуру ўвядзеньня санкцый супраць двух бізнэсоўцаў з атачэньня Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі, 2019 год
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі, 2019 год

Пад санкцыі падпадуць украінскія прадпрыемствы Аляксандра Шакуціна і Мікалая Вараб’я.

«У сувязі з падзеямі ў Беларусі і з улікам рашэньняў Рады Эўразьвязу, Міністэрства замежных спраў Украіны пачало працэдуры ўвядзеньня санкцый супраць датычных да фальсыфікацыі выбараў у Беларусі і гвалту над дэманстрантамі. Гэтыя працэдуры працягваюцца», — паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве замежных спраў Украіны на запыт аб магчымым блякаваньні банкаўскіх рахункаў украінскіх прадпрыемстваў, уласьнікамі якіх зьяўляюцца грамадзяне Беларусі.

У прыватнасьці, гаворка аб прадпрыемствах «Амкодор-Укроспецмаш» (яго заснавальнік — беларускае ААТ «Амкадор», а канчатковы бэнэфіцыярны ўласьнік — бізнэсовец Аляксандар Шакуцін) і «Прикарпатзахідтранс» (51% акцый належыць Нафтабітумнаму заводу Мікалая Варабʼя).

Згодна з заканадаўствам, фінансавы маніторынг за выкананьнем санкцый будзе ажыцьцяўляць Нацыянальны банк Украіны. Банкі ж павінны паведаміць Нацыянальнаму банку пра наяўнасьць рахункаў падсанкцыйных асобаў і іхных прадпрыемстваў.

У Нацыянальным банку Ўкраіны ў адказе на запыт Свабоды падкрэсьлілі, што рашэньне аб прымяненьні, скасаваньні і ўнясеньні зьмяненьняў у пэрсанальныя санкцыі ўхваляе Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, а сілу такое рашэньне набывае пасьля публікацыі адпаведнага ўказу прэзыдэнта Ўкраіны.

«Нацыянальны банк не накіроўвае ўкраінскім банкам пэўныя ўказаньні па блякаваньні рахункаў і актываў кліентаў банкаў, але на падставе лістоў Міністэрства замежных спраў паведамляе фінансавым установам аб прымяненьні санкцый міжнароднымі арганізацыямі альбо замежнымі краінамі», — адзначылі ў Нацбанку Ўкраіны.

Рахункі пакуль не заблякаваныя

Кіраўніцтва кампаніі «Амкодор-Укроспецмаш» паведаміла Свабодзе, што прадпрыемства працуе ў звычайным рэжыме. «Мы працуем зь некалькімі банкамі, і нашыя рахункі не заблякаваныя», — сказаў кіраўнік кампаніі Аляксандар Шчэрбіч.

Прадпрыемства «Амкодор-Укроспецмаш» было зарэгістравана ў Кіеве ў 2010 годзе са статутным капіталам 9 млн 940 тысяч грыўняў (цяпер гэта каля 370 тысяч даляраў у эквіваленце) і цягам усяго гэтага часу пасьпяхова працавала.

Апроч асноўнай дзейнасьці — продажу сельскагаспадарчай і спэцыяльнай тэхнікі і абсталяваньня, кампанія займалася оптавым гандлем лесаматэрыяламі, будаўнічымі матэрыяламі і сантэхнічным абсталяваньнем, рамонтам і мантажом прамысловай тэхнікі і машын. На ўкраінскім рынку кампанія таксама кансультавала ў пытаньнях камэрцыйнай дзейнасьці і кіраваньня, займалася іншай «прафэсійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасьцю».

Украінская кампанія Шакуціна ўдзельнічала ў тэндэрах на закуп тэхнікі і абсталяваньня за бюджэтныя грошы. У пакеце дакумэнтаў, якія павінны падавацца для ўдзелу ў такіх конкурсах, абавязкова павінен быць гарантыйны ліст аб адсутнасьці міжнародных санкцый супраць прадпрыемства.

Толькі з 2016 году, калі ва Ўкраіне пачалі праводзіць адкрытыя тэндэры на электронных пляцоўках, «Амкодор-Укроспецмаш» выйграў 199 тэндэраў на больш як 300 мільёнаў грыўняў (амаль 11 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Украінская кампанія Шакуціна карысталася перавагамі бюджэтнай праграмы Беларусі аб продажы тэхнікі ўкраінскім спажыўцам на лізінгавых умовах. Ва Ўкраіне гэтую праграму ажыцьцяўляюць два дзяржаўныя банкі («Укргазбанк» і «Укрексімбанк») і адзін прыватны — ПУМБ (належыць украінскаму алігарху Рынату Ахмэтаву).

Што вядома пра «Прикарпатзахідтранс»

Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістравана з 2011 году. З дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швайцарскай International Trading Partners AG, якую зьвязваюць з атачэньнем Віктара Медведчука, кума расейскага прэзыдэнта, лідэра фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё».

Пасьля продажу ў сакавіку 2019 году 51% акцый беларускаму бізнэсоўцу Мікалаю Варабʼю шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.

Сёлета, 11 лютага, Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны выставіла падазрэньне былому намесьніку дырэктара Інстытуту азотнай прамысловасьці і прадуктаў арганічнага сынтэзу. На падставе ягонай экспэртызы суд адмовіўся прызнаць права ўласнасьці Ўкраіны ў частцы нафтаправоду «Самара — Заходні кірунак». У выніку кантроль над часткай трубаправоду перайшоў да ТАА «Прикарпатзахідтранс», якое зьвязана зь Медведчуком і беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём.

Паводле юрыдычных дакумэнтаў, асноўная дзейнасьць кампаніі «Прикарпатзахідтранс» — транспартаваньне праз трубаправод. Апроч таго, кампанія мае права займацца оптавым гандлем цьвёрдым і газавым палівам, грузавымі перавозкамі, арэндай і кіраваньнем нерухомасьцю і кансультаваньнем у пытаньнях камэрцыйнай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG