Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Налёт на беларушчыну. Як па ўсёй краіне прэсуюць беларускія асяродкі


У краме адзеньня LSTR
У краме адзеньня LSTR

28 студзеня аб сваім вымушаным закрыцьці паведаміла менская крама «Мой модны кут», уладальнікаў якой затрымалі. Глядзім, якія беларускія асяродкі зазналі рэпрэсіі да і пасьля выбараў.

Што з крамай «Мой модны кут»

28 студзеня прайшоў працэс над Аленай Есіпёнак, якую затрымалі 26 студзеня ў краме «Мой модны кут». На працэс у суд Савецкага раёну Менску прыйшоў яе муж Валер Есіпёнак, і яго таксама затрымалі — яшчэ да пачатку суду.

Яму сказалі, што ў дачыненьні да яго праводзіцца праверка. Тым часам судзьдзя Воўк накіраваў справу Алены паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП на дапрацоўку.

Сьпярша ў ДФР узьніклі пытаньні да крамы ў сувязі з «продажам незарэгістраванай сымболікі», пасьля ў краму прыйшлі кантралёры з МНС. 28 студзеня ў краме абвясьцілі, што вымушаныя зачыніцца «да лепшых часоў».

29 студзеня стала вядома, што Алену адпусьцілі, а Валеру прысудзілі 15 сутак.

У краме «Мой модны кут» гандлявалі сувэнірамі і адзеньнем у нацыянальным стылі.

29 студзеня пра часовае спыненьне працы паведаміла онлайн-крама «БЧБ.бел».

Закрыцьцё symbal.by

Праблемы ў менскай офлайн-крамы symbal.by пачаліся яшчэ ў чэрвені, у кур’ера крамы канфіскавалі наклад маек з надпісам «ПСІХО3%». Пасьля ў краму зачасьцілі праверкі з МНС, пастаянна прападала сьвятло.

За перавоз цішотак суд аштрафаваў краму больш як на 2 тысячы рублёў. 23 чэрвеня МНС выдала краме шэраг прадпісаньняў аб ліквідацыі парушэньняў.

Тады Symbal.by абвясьціў, што з 29 чэрвеня спыняе працу. У той жа вечар, 23 чэрвеня, людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сымболікай. Да крамы пад’ехаў аўтазак зь сілавікамі, пачаліся затрыманьні. У дачыненьні да некаторых склалі пратаколы паводле артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы) і 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

«Пасьля выяўленых парушэньняў МНС і вынесенага судом рашэньня нам не ўдаецца атрымаць дазвол ад пажарнікаў на эксплюатацыю памяшканьня ў якасьці крамы. Калі выправілі ранейшыя парушэньні, прыйшлі і знайшлі новыя — праблемы з вэнтыляцыяй і дымаходам», — расказвае стваральнік крамы Павал Белавус.

Канфіскаваныя майкі краме так і не аддалі. Яе пасылкі за мяжу не прапускае мытня. Цяпер крама працуе ў онлайн-рэжыме з дастаўкай па Беларусі.

Закрыцьцё LSTR

Менскую краму адзеньня LSTR на пачатку лістапада мінулага году аштрафавалі адразу на 5805 рублёў пасьля праверкі дзяржаўных органаў. Трэцяга лістапада крама зачынілася. Цяпер працуе толькі онлайн і, як кажуць супрацоўнікі, «вельмі мала шанцаў, што крама адчыніцца».

Берасьце: Праверкі крамы «Князь Вітаўт»

У канцы ліпеня мінулага году ўладальнік берасьцейскай крамы сувэнірнай прадукцыі «Князь Вітаўт» атрымаў ліст зь Берасьцейскага гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што майкі «Welcome to Belarus» з выявай аўтазака, якія прадае крама, прызналі неналежнай рэклямай. Улады запатрабавалі спыніць іх продаж, інакш пагражалі распачаць адміністрацыйны працэс за парушэньне заканадаўства аб рэкляме.

6 жніўня ў краму прыйшлі супрацоўнікі ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі УУС Берасьцейскага аблвыканкаму і прад’явілі пастанову на агляд крамы і канфіскацыю тавараў. Патлумачылі, што гэта зьвязана з адміністрацыйнай справай па факце незаконнага транспартаваньня групы тавараў.

На сайце онлайн-крамы «Князь Вітаўт» зьявілася абвестка, што 8 жніўня замовы ня будуць апрацоўвацца ў сувязі з выклікам кіраўніцтва крамы на допыт.

Пазьней на старонцы ў Фэйсбуку ўладальнікі паведамілі, што краму зачынілі. Цяпер яна не працуе.

Віцебск: Закрыцьцё пабу «Торвальд»

2 лістапада летась закрыўся арт-паб «Торвальд» у Віцебску.

«Аказалася, што праводзіць санітарныя дні ўвосень — дрэнная прыкмета. Раптоўна ў памяшканьнях, якія мы займаем і якія існуюць ужо больш за 150 гадоў, выявіліся надзвычай сур’ёзныя недахопы: прыступкі занадта высокія, а калідоры неймаверна вузкія. Гэтыя недасканаласьці, разам з адмысловымі службамі, што вельмі клапоцяцца аб нашай з вамі бясьпецы, вымушаюць нас прыпыніць сваю дзейнасьць», — пісала тады каманда пляцоўкі.

Дамовіцца з уладамі не ўдалося, цяпер арт-паб не працуе. Гэта культавае для Віцебску месца, дзе праводзіліся канцэрты, квізы, ладзіліся сустрэчы і абмеркаваньні культурніцкіх падзеяў. У першую хвалю каранавірусу супрацоўнікі пабу гатавалі абеды для мэдыкаў.

Горадня: прыпынілі арэнду этнакраме «Цудоўня»

На пачатку сьнежня з горадзенскай этнакрамай «Цудоўня» датэрмінова перарвалі дамову арэнды памяшканьня.

Там можна было набыць вырабы беларускіх рамесьнікаў, тканыя рэчы, традыцыйнае адзеньне з вышыўкай, кнігі і часопісы на беларускай мове. Крама не працавала 26 кастрычніка, калі Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла агульнанацыянальную забастоўку. У той дзень захварэлі ўсе супрацоўнікі «Цудоўні». Пасьля ў краму прыходзілі праверкі з МНС і міліцыі. Урэшце ўласьнік будынка папярэдзіў, што мусіць перарваць з «Цудоўняй» дамову арэнды.

Усе іншыя крамы і асяродкі ў будынку працуюць і далей. «Цудоўня» на пэўны час сышла ў онлайн. Пазьней адчынілася ў суседнім будынку і працягвае працу.

Ворша: Не падоўжылі арэнду «Цудоўнай краме»

У Воршы з 30 лістапада мінулага году не падоўжылі арэнду адзінай у горадзе краме нацыянальнай атрыбутыкі «Цудоўная крама». Уладальнік, Ігар Казьмярчак, лічыць, што на арэндадаўцу «націснулі».

Раней праверкай прадпрымальніцкай дзейнасьці Ігара Казьмерчака займаўся Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Фінансавая міліцыя аштрафавала яго на 486 рублёў за парушэньне парадку гандлю. Тады забралі кампутар ды фінансавую дакумэнтацыю. Прадукцыя кантралёраў не зацікавіла.

Пазьней уладальнік «Цудоўнай крамы» знайшоў новае памяшканьне для арэнды. Крама працуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG