Камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Дуня Міятавіч адрэагавала на сёньняшнія ператрусы ў Беларусі допісам у Твітэры з хэштэгамі БАЖ, «Вясны» і Офісу па правах людзей з інваліднасьцю.
«Цкаваньне празь ператрусы, арышты і крымінальны перасьлед журналістаў і абаронцаў правоў чалавека, у тым ліку партнэраў Рады Эўропы і ААН у Беларусі, непрымальнае. Свабоды выказваньняў, аб'яднаньняў і сходаў павінны быць гарантаваныя паводле міжнародных стандартаў правоў чалавека. #BAJ #Viasna #disright».
З раніцы 16 лютага сьледчыя прыйшлі ў кватэры і офісы праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў па ўсёй Беларусі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў пра затрыманьне сваіх актывістаў пасьля ператрусаў.