Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая газета» апублікавала доказы пазасудовых пакараньняў сьмерцю ў Чачні


Грозны
Грозны

Чачэнскія сілавікі перад пазасудовымі карамі ў студзені 2017 году прымусілі некалькіх затрыманых на камэру прысягнуць «Ісламскай дзяржаве», а затым адмовіцца ад яе

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні расейскай «Новой газеты».

У першай частцы расьсьледаваньня выданьне апісвае дакумэнты чачэнскага МУС, якія сьведчаць аб тым, што шэраг загінулых былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў, хоць паводле афіцыйнай вэрсіі гэтага не адбывалася.

Пра тое, што ў Чачні ў ноч на 26 студзеня 2017 году былі расстраляныя 27 затрыманых, «Новая газета» паведаміла летам таго ж году. Забітых, як пісала выданьне, затрымалі падчас спэцапэрацый пасьля нападу на паліцыянтаў у Грозным 17 сьнежня і ўтрымлівалі на тэрыторыі палку патрульна-паставой службы імя Ахмата Кадырава.

У красавіку 2017 году «Новая газета» перадала СК сьпіс з 30 забітых жыхароў Чачні. Сьледчыя пацьвердзілі гібель чатырох чалавек. Двух чалавек яны выявілі жывымі і прад’явілі іх упаўнаважанай па правах чалавека пры прэзыдэнце РФ Тацяне Маскальковай. Але на самой справе гэта былі родныя браты забітых у студзені 2017 году Махмы Мускіева і Шамхана Юсупава, якіх вымусілі пайсьці на падман.

Яшчэ тры чалавекі са сьпісу «Новой газеты» былі затрыманыя, зазналі катаваньні і загінулі ў выніку арганізаванай у Чачні ў канцы лютага 2017 году кампаніі супраць мясцовай ЛГБТ-супольнасьці. У дачыненьні да астатніх 18 чалавек летам і восеньню 2017 году былі распачатыя крымінальныя справы, і ўсе яны былі абвешчаныя ў міжнародны вышук па абвінавачваньні ва ўдзеле ў тэрарыстычных фармаваньнях на тэрыторыі Сырыі. У сакавіку 2018 году СК вынес канчатковую адмову ў адкрыцьці крымінальнай справы па заяве «Новой газеты» і больш не вяртаўся да гэтага пытаньня.

Выданьне атрымала службовыя дакумэнты чачэнскага МУС — табліцы з фота і пэрсанальнымі дадзенымі больш як 160 затрыманых, а таксама зьвесткі аб выніках апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў чачэнскіх сілавікоў. У гэтых дакумэнтах выданьне знайшло амаль усіх асобаў (26 чалавек) са свайго сьпісу. Затрыманыя былі сфатаграфаваныя ў некалькіх месцах на вядомым фоне: так, у палку імя Кадырава гэта была альбо сьцяна, альбо белы шклопакет зь перамычкамі, альбо труба ў кацельні, да якой некаторыя затрыманыя былі прышпіленыя наручнікамі.

Кіраўнікі адпаведных сілавых падразьдзяленьняў Чачні адмаўлялі, што асобаў са сьпісу «Новой газеты» наогул калі-небудзь затрымлівалі супрацоўнікі паліцыі. Аднак, напрыклад, у выпуску навінаў дзяржаўнай тэлекампаніі «Грозны» ад 11 студзеня 2017 году быў паказаны адзін з затрыманых напярэдадні жыхароў Чачні па імені Адам Дасаеў. У навінавым сюжэце яго дапытвае асабіста кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, побач зь ім у кадры — камандзір палку імя Кадырава Аслан Ірасханаў. У табліцы Адам Дасаеў праходзіць пад нумарам 31. Таксама ў сьпісе «Новой газеты» фігуруюць 12 жыхароў Чачні, якімі займаліся супрацоўнікі чачэнскага СОБРу «Церак». Іх затрыманьне зьвязанае з падзеямі 17 сьнежня 2016 году, калі позна ўвечары ў цэнтры Грознага паліцэйскі патруль расстраляў аўтамабіль, які зьбіў супрацоўніка ДПС.

20 сьнежня 2016 году «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за напад у Грозным: на яе сайце быў апублікаваны відэазапіс, на якім 11 чачэнцаў прыносяць прысягу лідэру тэрарыстаў Абу Бакру аль-Багдадзі.

Вывучыўшы аналягічныя відэа, якія прыпісваюцца «Ісламскай дзяржаве», журналісты выявілі тыя, на якіх некаторыя асобы са сьпісу «Новой газеты» спачатку прысягаюць «Ісламскай дзяржаве», а потым у той жа вопратцы і ў тых жа дэкарацыях выракаюцца яе. Ролікі маюць усе прыкметы пастановачнага відэа, зьнятага дзеля таго, каб абвясьціць загінулых тэрарыстамі, зрабіла выснову выданьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG