Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» распаўсюдзіў зварот кіраўніка Чачэніі да беларусаў. У ім Рамзан Кадыраў піша пра «цяжкія дні» для Лукашэнкі і нагадвае пра дзьве чачэнскія вайны.
Паводле Кадырава, разбурыць мір і парадак у Беларусі імкнуцца «некаторыя сілы». «Чачэнскі народ як ніхто іншы ведае, якія пакуты і разруху нясе вайна», — напісаў кіраўнік Чачэніі.
«Таму, карыстаючыся выпадкам, я прашу народ Беларусі падтрымаць у гэтыя цяжкія дні свайго прэзыдэнта і даць адпор сілам, зацікаўленым ва ўнутраным расколе братняй нам дзяржавы».
Кадыраў узначальвае Чачэнію з 2007 году. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвіначваюць яго ў маштабных парушэньнях правоў чалавека, падазраюць у катаваньнях і забойствах апанэнтаў. Супраць Кадырава дзейнічаюць заходнія санкцыі. Сам ён называў праваабаронцаў тэрарыстамі і прапаноўваў абвясьціць Пуціна пажыцьцёвым прэзыдэнтам Расеі.