Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швэцыі на турэмныя тэрміны асудзілі дваіх за спробу забіць чачэнскага блогера


Тумсо Абдурахманаў
Тумсо Абдурахманаў

У Швэцыі вынесьлі абвінаваўчы прысуд двум грамадзянам Расеі, якія год таму спрабавалі забіць апазыцыйнага блогера з Чачні Тумсо Абдурахманава.

Руслан Мамаеў асуджаны на дзесяць гадоў пазбаўленьня волі, ягоная саўдзельніца Эльміра Шапіаева — на восем.

Паводле швэдзкага пракурора Пэра Ліндквіста, прычынай нападу на Абдурахманава стала крытыка на адрас Ахмата Кадырава, былога прэзыдэнта Чачні і бацькі цяперашняга кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава.

«Усе сьляды сьледзтва паказваюць на Грозны», — заявіў Ліндквіст падчас слуханьняў у акруговым судзе гораду Еўле, паведамляе швэдзкая газэта Aftonbladet. Сьпікер чачэнскага парлямэнту Магамэд Даудаў абвясьціў блогеру кроўную помсту ў сакавіку 2019 году, пра што таксама было заяўлена на судзе.

У ходзе працэсу было ўстаноўлена, што да замаху загадзя рыхтаваліся. Сустрэчы наконт гэтага праходзілі ў Грозным і ў Маскве. Акрамя гэтага, быў набыты аўтамабіль у Літве, які потым даставілі ў Швэцыю. За само забойства Мамаеву абяцалі заплаціць 60 тысяч эўра.

У рашэньні суду адзначаецца, што асуджаныя павінны выплаціць пацярпеламу ў якасьці кампэнсацыі 140 тысяч швэдзкіх крон (гэта каля 17 тысяч даляраў). Пасьля адбыцьця пакараньня ў турме абодва асуджаныя павінны быць дэпартаваныя бяз права на вяртаньне.

На Абдурахманава напалі ў лютым мінулага году. Ён знаходзіўся ва ўласным доме, калі яго ўдарылі малатком па галаве. Ён здолеў абяззброіць нападніка і выклікаць паліцыю.

Пракурор першапачаткова прасіў даць менавіта такія тэрміны падсудным — 10 і 8 гадоў.

Сам нападнік раней даў паказаньні, што ён нібыта не хацеў забіваць Абдурахманава. Мамаеў таксама прызнаў, што зрабіў злачынства на загад «людзей з Грознага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG