Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы зьвярнуліся да Facebook, Instagram, Apple i Android з просьбай зрабіць эматыкон зь бел-чырвона-белым сьцягам


Нацыянальны сьцяг на пратэстах у Горадні ў 2020 годзе.
Нацыянальны сьцяг на пратэстах у Горадні ў 2020 годзе.

Подпісы пачалі зьбіраць на онлайн-плятформе actionnetwork.org.

У заяве да кіраўнікоў распаўсюджаных у сьвеце плятформаў Марка Цукерберга, Цімаці Кука і Сандара Пічаі адзначана, што «гістарычны сьцяг Беларусі — бел-чырвона-белы — стаў сымбалем пратэстаў» супраць Лукашэнкі.

Аўтары пэтыцыі пішуць, што ў Беларусі 7 месяцаў доўжацца пратэсты, і ўвесь гэты час рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ўладу, каб тэрарызаваць, біць і забіваць грамадзянаў Беларусі.

«Вынікі выбараў не прызналі шматлікія краіны, чальцы Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, ЗША. Сымбаль пратэстаў павінен стаць шырока вядомым і пазнавальным, таму павінна зьявіцца магчымасьць выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг у інтэрнэце, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Дзіўна, што ў шырокай палітры эматыконаў сьцягоў дагэтуль няма сапраўднага сьцяга Беларусі».

У верасьні 2020 году сетка Telegram зьмяніла сьцяг Беларусі на гістарычны бел-чырвона-белы на знак салідарнасьці з удзельнікамі пратэстаў. Аўтары пэтыцыі заклікалі да такога ж учынку кіраўніцтва іншых сацыяльных сетак і мэдыя, у тым ліку Facebook, Instagram, Apple i Android.

На момант публікацыі пад пэтыцыяй 61 подпіс.

8 лютага беларус Вячаслаў Міхайлаў запусьціў падобную пэтыцыю пад назвай «Дадамо нацыянальны сьцяг Беларусі ў Юнікод». За першы тыдзень свае подпісы пад ёй паставілі 24 472 чалавекі.

Самая першая пэтыцыя за тое, каб дадаць эматыкон зь бел-чырвона-белы сьцягам у юнікод, зьявілася тры тыдні таму на сайце change.org. Яна сабрала больш за 1600 подпісаў (збор подпісаў працягваецца).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG