Міжнароднае францускае радыё адзначыла, што Марыё Драгі, які ўзначальваў Эўрапейскі цэнтральны банк (ЭЦБ) у 2011–2019 гадах, абвясьціў аб намеры аднавіць эканоміку Італіі пасьля пандэміі. 73-гадовы прэм’ер — эканаміст. Да прызначэньня на пасаду кіраўніка ЭЦБ ён кіраваў Банкам Італіі.
«Нямецкая хваля» лічыць, што фармаваньне ўраду стала магчымым пасьля ліквідацыі апошняй перашкоды: папулісцкі «Рух пяці зорак» пагадзіўся ўвайсьці ва ўрадавую кааліцыю.
Прадстаўнік «Руху пяці зорак» Люіджы ды Маё захоўвае за сабой пасаду міністра замежных спраў, на якой ён працаваў і ў папярэднім урадзе.
Урадавы крызіс у Італіі пачаўся 13 студзеня. Тады падалі ў адстаўку два міністры з цэнтрысцкай партыі «Жывая Італія» (Italia Viva), якую ўзначальвае былы прэм’ер-міністар Італіі Матэа Рэнцы. Сярод прычын адстаўкі двух міністраў называліся рознагалосьсі паміж кіраўніком ураду Джузэпэ Контэ адносна фінансаваньня захадаў для пераадоленьня наступстваў пандэміі.
Палата дэпутатаў і Сэнат парлямэнту Італіі ў канцы студзеня вынесьлі вотум даверу ўраду. Аднак кіраўнік кабінэту недабраў пяці галасоў да патрэбнай абсалютнай большасьці і 26 студзеня падаў заяву аб адстаўцы.