Галоўчанка адзначыў, што ў 2021-2025 гадах у Беларусі трэба інвэставаць больш за 200 мільярдаў рублёў у разьвіцьцё эканомікі і інфраструктурныя праекты.
«Гэта вельмі вялікая сума, але гэта абʼектыўная патрэба. Вядома, частку гэтых сродкаў мы павінны зарабіць самі — гэта прыбытак нашых прадпрыемстваў, дывідэнды, паступленьні ў бюджэт. Часткова мы павінны пракрэдытавацца», — сказаў кіраўнік ураду.
«Вядома, людзі, якія выступаюць, каб нас адрэзалі ад крыніцаў фінансаваньня на Захадзе, робяць шкоду краіне. Мы ж гэтыя грошы не для сябе, палацаў ці яшчэ чагосьці. Вось гэты плян — прыходзьце, глядзіце. Гэта дарогі, шпіталі, фізкультурна-спартыўныя комплексы. Вы ня хочаце даваць грошы на гэта — ня трэба. Мы знойдзем, дзе іх узяць. Ёсьць Расея, Кітай, іншыя азіяцкія дзяржавы», — падкрэсьліў Галоўчанка.
Паводле яго, нядаўна ўрад Беларусі заключыў пагадненьне з Кувэйцкім фондам арабскага эканамічнага разьвіцьця, які «з задавальненьнем пракрэдытуе будаўніцтва анкалягічнага шпіталя ў Горадні».
«Гэта значыць, мы знойдзем грошы, усе грошы на Захадзе і за Атлянтыкай не сканчаюцца. Таму я б параіў не хвалявацца на гэты конт», — заявіў беларускі прэмʼер-міністар.