6 жніўня 2020 г. гукарэжысэры Ўлад Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, пазьней названыя «дыджэямі пераменаў», былі затрыманыя супрацоўнікамі МУС Беларусі і асуджаныя на 10 сутак адміністрацыйнага арышту пасля таго, як уключылі песьню Віктара Цоя «Перамен» на сьвяце ў Кіеўскім скверы Менска.
Іх пакаралі паводле артыкулу 17.1 «Дробнае хуліганства» і 23.4 КаАП «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў».
Ініцыятыва BYPOL атрымала відэазапіс затрыманьня Сакалоўскага і Галанава, які пацьвярджае, што гукарэжысэраў затрымалі супрацоўнікі ў цывільным, пры гэтым маладыя людзі не перашкаджалі сілавікам і не рабілі хуліганскіх дзеяньняў.
Гэта відэа абвяргае паказаньні сьведак у судзе і даказвае ілжывасьць пратаколаў, складзеных супрацоўнікамі міліцыі, тым самым пацьвярджаючы, што пастановы судоў у дачыненьні да гэтых грамадзян павінны быць перагледжаныя, а самі супрацоўнікі міліцыі прыцягнутыя да адказнасьці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў, перакананыя ў ініцыятыве BYPOL.
Відэа хутчэй за ўсё ўзятае з камэры байца менскага АМАП Сяргея Кімінчыжы, які ўдзельнічаў у затрыманьні дыджэяў. Раней Кімінчыжы служыў у цяпер расфармаваным украінскім «Бэркуце», а пасьля Рэвалюцыі Годнасьці зьбег у Беларусь, атрымаў беларускае грамадзянства.