У тэлеграм-канале РБК зьявіліся фатаздымкі рэзалюцыі, якая будзе прынята ў другі дзень Усебеларускага народнага сходу. Згодна з праектам, дэлегатам УНС прапануюць прагаласаваць за наданьне сходу заканадаўчага статусу як «найвышэйшай формы народнага прадстаўніцтва», а да канца году плянуецца распрацаваць прапановы для зьмены Канстытуцыі.
У апублікаваным дакумэнце прапануецца «забясьпечыць удзел шырокіх пластоў насельніцтва ў распрацоўцы і рэалізацыі найважнейшых кірункаў дзяржаўнай палітыкі», гэтым і мае быць абумоўлена наданьне УНС заканадаўчага статусу.
Акрамя таго, створаць канстытуцыйную камісію, у склад якой увойдуць прадстаўнікі дзяржорганаў, юрыдычнай грамадзкасьці, розных галін эканомікі і сацыяльнай сфэры. Яна ж і будзе распрацоўваць прапановы для зьмены Канстытуцыі.
Паўнамоцтвы паміж дзяржорганамі прапануюць пераразьмеркаваць, у тым ліку паміж органамі мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, а таксама ўзмацніць ролю палітычных партый у жыцьці краіны.
Раней Лукашэнка адмаўляў магчымасьць наданьня дэлегатам сходу функцый па распрацоўцы прапановаў у новую Канстытуцыю.