Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўная характарыстыка гэтага рэжыму — імітацыя, — палітоляг


Трэці «Ўсебеларускі народны сход», 2006 год
Трэці «Ўсебеларускі народны сход», 2006 год

Палітоляг Сяргей Нікалюк аналізуе, навошта Лукашэнку патрэбны Ўсебеларускі народны сход, тлумачыць, куды і як зьнікае «масавы чалавек», і заяўляе, што беларуская рэвалюцыя аб’ектыўна будзе працягвацца да выкананьня сваёй галоўнай задачы.

Сьцісла:

  • Арганізатары УНС цудоўна разумеюць, што ніякіх практычных пытаньняў Сход вырашаць ня можа
  • Усімі сваімі дзеяньнямі Лукашэнка працягвае расколваць грамадзтва
  • Лукашэнка зразумеў, што існуе вялікая частка грамадзтва, зь якой ён ужо ніколі ня знойдзе агульнай мовы
  • Людзям з улады ў новых умовах проста няма месца.
  • Масавы чалавек ужо не патрэбны, патрэбны чалавек-індывідуальнасьць, здольны прымаць самастойныя рашэньні.
  • Рэвалюцыя будзе працягвацца, пакуль у краіне ня будзе вырашаная галоўная задача — пераход да дэмакратычнага і постындустрыяльнага грамадзтва

— Навошта Лукашэнку Ўсебеларускі народны сход (УНС)? Раней гэтыя мерапрыемствы праходзілі звычайна перад выбарамі і павінны былі дэманстраваць падтрымку народам улады. Цяпер выбары даўно прайшлі, Лукашэнка атрымаў на іх відавочную меншасьць. Для чаго яму гэты Сход сёньня?

— Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба разумець прыроду беларускага рэжыму. Галоўнай характарыстыкай (вядома, далёка не адзінай) гэтага рэжыму была імітацыя.

Вы пытаецеся, для чаго гэтаму рэжыму Сход? А для чаго яму парлямэнт, якую ён грае ролю? Для чаго яму суд, калі пад «судом» разумець тое, як яго разумеюць на Захадзе, калі ёсьць спаборніцтва бакоў, калі суд адпачатку стаіць на баку права, а не дзяржавы? Такога суду ў нас ніколі не было.

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Усебеларускі народны сход, які ўпершыню прайшоў у 1996 годзе, чатыры першыя разы праходзіў напярэдадні нейкіх электаральных падзеяў, гэта быў важны элемэнт у выбарчых кампаніях. Першае выключэньне адбылося ў 2016 годзе, калі Сход прайшоў ужо пасьля «выбараў». Асаблівасьць «выбараў» была ў тым, што яны праходзілі ва ўмовах зьніжэньня даходаў насельніцтва. УНС жа — гэта нейкі аналяг савецкіх партыйных зьездаў, дзе давалі справаздачу пра посьпехі. І таму праводзіць Сход перад выбарамі страціла сэнс, яго правялі на год пазьней.

Лукашэнка любіць апэляваць да прамога народаўладзьдзя. Трэба выразна разумець, што яно магчымае толькі ў невялікіх калектывах. У старажытнагрэцкім горадзе-дзяржаве ўсё мужчынскае насельніцтва магло сабрацца на адной плошчы. На нашых землях такім прыкладам было веча — але толькі ў межах аднаго гораду. То бок веча — гэта фактычна дадзяржаўны орган улады. У дзяржаве, большай за адзін горад, яно ня можа працаваць у прынцыпе.

Арганізатары УНС цудоўна разумеюць, што ніякіх практычных пытаньняў Сход вырашаць ня можа. Ён грае выключна сымбалічную ролю — для зьяднаньня сваіх прыхільнікаў.

— Так, роля чыста ідэалягічная і сымбалічная. На сёньня выглядае, што ўсё намёкі на тое, што Сход атрымае нейкія большыя паўнамоцтвы — малаімаверныя. Але маё пытаньне ў тым, што замінае Лукашэнку адмовіцца ад усіх гэтых фармальных прыкметаў дэмакратыі, пайсьці шляхам Муамара Кадафі, жыць без усялякіх парлямэнтаў і выбараў? Што яму замінае — няўжо меркаваньне Захаду ці ўласнага народу? На гэта ён ніколі не зьвяртаў асаблівай увагі. Ці проста ня ў той час нарадзіўся?

— Апошняе дапушчэньне самае слушнае — «ня ў той час нарадзіўся». Ад другой паловы XX стагодзьдзя да нашага часу афіцыйна няма альтэрнатывы дэмакратыі. Ніводзін афрыканскі дыктатар ня кажа, што ён супраць дэмакратыі, і не адмяняе парлямэнт. Нават Пол Пот, калі ён і яго каманда прыйшлі да ўлады ў Кампучыі і за некалькі гадоў зьнішчылі чвэрць насельніцтва краіны, — нават яны Кхмэрскую Рэспубліку адразу перайменавалі ў Дэмакратычную Кампучыю, пры гэтым зладзіўшы генацыд уласнага народу. Бо дэмакратыя — гэта даніна часу.

І Лукашэнка, калі кажа пра дэмакратыю, любіць гаварыць, што гэта на Захадзе няма сапраўднай дэмакратыі. А адпавядаць духу часу трэба — гуляюць у дэмакратыю, на тое і імітацыя.

Нагадаю, што ў сваім навагоднім звароце Лукашэнка заклікаў 2021 год назваць годам народнага адзінства. Нібыта лягічна — пасьля трагічных падзеяў лета і восені. Аднак мы бачым, што ўсімі сваімі дзеяньнямі Лукашэнка робіць наадварот, ён працягвае расколваць грамадзтва. І ў гэтым сэнсе УНС будзе вельмі важным з гледзішча працягу расколу грамадзтва.

Я думаю, што за апошні час у беларускім рэжыме адбыліся істотныя зьмены. Лукашэнка зразумеў, што існуе вялікая частка грамадзтва, зь якой ён ужо ніколі ня знойдзе агульнай мовы. І ён вырашыў гэтую частку выкрасьліць з паняцьця «грамадзтва». Калі ён кажа пра «адзінства» грамадзтва — гэтая частка туды ўжо адпачатку не ўключаецца. І яму цяпер найбольш важна «адзінства» ў вэртыкалі ўлады.

— Прыхільнікі пераменаў спадзяваліся на такую неабходную частку перамогі, як «раскол элітаў», той самы варыянт, калі «нізы ня хочуць, а вярхі ня могуць». У Беларусі вярхі пакуль што «могуць», і на сёньняшні момант кардынальнага расколу ў намэнклятуры не назіраецца. Чаму? І што павінна адбыцца, каб ён пайшоў?

— Сур’ёзныя расколы эліт адбываюцца тады, калі існуючы рэжым вычарпаў свае рэсурсы, і эканамічныя, і ідэалягічныя (калі ідэалёгія сыходзіць). У такія моманты ва ўладзе зьяўляецца шмат людзей, якім выгадны крах старой сыстэмы. На сёньня беларуская сыстэма дайшла да нейкай мяжы. Але людзі ва ўладзе будуць за яе трымацца, бо альтэрнатыва імітацыі — гэта нармальная ўлада, нармальная дзяржава, нармальная рынкавая эканоміка. Усім гэтым людзям з улады ў новых умовах проста няма месца.

Таму для развалу гэтай улады неабходны глыбокі эканамічны крызіс як адзін з важных складнікаў. На сёньня яго пакуль няма, і таму пратэсты летам і восеньню ня мелі эканамічнага складніка.

— На сёньня ад прыхільнікаў пераменаў гучаць самыя розныя, часам даволі пэсымістычныя думкі. Як наша цяперашняя сытуацыя выглядае з гледзішча гісторыі і сацыялёгіі?

— Пры ўсёй своеасаблівасьці беларускай мадэлі Беларусь не выпадае з таго, што называецца «мэйнстрым». Гэта пераход ад індустрыяльнай эканомікі да постындустрыяльнай. У індустрыяльным грамадзтве існаваў масавы чалавек, якога гадавалі на адзін капыл. Гэта калі па ўсёй краіне школьнікі пішуць твор на адну і тую ж тэму. У сучасным грамадзтве школьнікі на Захадзе ў старэйшых клясах самі выбіраюць сабе асноўныя прадметы. Масавы чалавек ужо не патрэбны, патрэбны чалавек-індывідуальнасьць, здольны прымаць самастойныя рашэньні.

Старая эканоміка сыходзіць назаўжды, і мы назіраем гэта ў Беларусі. Вялікія савецкія прадпрыемствы скарацілі колькасьць сваіх супрацоўнікаў у разы, і ім на замену прыходзіць сфэра паслуг, дзе людзі працуюць у малых калектывах і дзе ўплыў дзяржавы амаль не адчуваецца. І калі і зь якой хуткасьцю гэтыя зьмены дасягнуць таго крытычнага рубяжу, за якім палітычная сыстэма ня здолее захавацца, — гэтага ніхто сказаць ня можа.

— Але гэта справа нейкай сьветлай будучыні — а пакуль мы жывём у момант разгару контррэвалюцыі.

— Тут няма нічога нечаканага. Сацыяльныя працэсы ідуць хвалямі. У Беларусі, дзе грамадзтва расколатае, як толькі нейкая частка грамадзтва ўзмацняецца — гэта ўздымае адваротную хвалю. У 1991 год беларускае грамадзтва ўваходзіла пад антыкамуністычнымі і праэўрапейскімі лёзунгамі — гэта было жаданьне большасьці. Але ўжо ў 1994 годзе пайшла адваротная хваля, на якой Лукашэнка і прыйшоў да ўлады, паабяцаўшы вярнуць ранейшае жыцьцё.

Таму рэвалюцыя — гэта не адна падзея. Нават калі ўлада зьменіцца — рэвалюцыя працягнецца. Бо рэвалюцыя — гэта пераход ад аўтарытарнай да дэмакратычнай мадэлі грамадзтва, гэта працэс, у якім ёсьць адна хваля, а потым ідзе спад. Але гэта проста яр, узгорак, каб далей узьняцца на новы працэс рэвалюцыі. І гэты працэс у Беларусі запушчаны, ён будзе ісьці датуль, пакуль у краіне ня будзе вырашана галоўная задача — пераход да дэмакратычнага і постындустрыяльнага грамадзтва.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG