Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікоў апазыцыі запрасілі на Ўсебеларускі народны сход. Якая іх рэакцыя?


Усебеларускі народны сход, від з залі, 2016 год
Усебеларускі народны сход, від з залі, 2016 год

Кіраўнікі шэрагу зарэгістраваных палітычных партый за тыдзень да Ўсебеларускага народнага сходу атрымалі тэлефонныя запрашэньні з апарату Савету міністраў стаць гасьцямі гэтага праўладнага форуму.

У дакумэнце пад назвай «прапановы ў сьпіс запрошаных», апублікаваным у тэлеграм-канале агенцтва БелТА, значацца прадстаўнікі васьмі праўладных і дэмакратычных партый:

  • Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя
  • Рэспубліканская партыя
  • Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды
  • Беларуская патрыятычная партыя
  • Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»
  • Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
  • Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада
  • Партыя БНФ

Свабода пацікавілася, ці прымуць запрашэньні лідэры партый, якія пазыцыянуюць сябе апанэнтамі дзейных уладаў?

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў сказаў, што прынцыповы адказ будзе дадзены па выніках паседжаньня прэзыдыюму партыі 7 лютага.

«На жаль, склікаць Цэнтральны камітэт ужо нестае часу, давядзецца абмеркаваць вузкім колам», — дадаў ён.

Пры гэтым яго асабіста не задавальняе, што ўлады вырашылі дапусьціць апазыцыю ў ролі назіральнікаў: адрозна ад дэлегатаў, статус гасьцей мае на ўвазе толькі прысутнасьць.

З такой жа нагоды на нядзелю заплянаваны збор актыву Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», паведаміў намесьнік старшыні Валер Ухналёў.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў на гэты момант не атрымліваў ні тэлефоннага, ні пісьмовага запрашэньня.

«Калі будзе афіцыйны ліст, зразумела, вырашым калегіяльна на ўзроўні Сойму, — удакладніў ён. — Тым ня меней, мы яшчэ раней акрэсьлілі сваю пазыцыю: поўнае ігнараваньне марыянэтачнага сходу. Партыя неаднаразова прапаноўвала да разгляду „дарожныя мапы“ дзеля ўрэгуляваньня палітычнага крызісу, а замест гэтага атрымалі рэпрэсіі супраць нашых актывістаў — чаго вартая адна справа Вітольда Ашурка. І пасьля гэтага ісьці, рабіць выгляд, што нічога ня здарылася?».

Пазьней Рыгор Кастусёў паведаміў, што атрымаў на электронную пошту ліст за подпісам кіраўніка апарату Савету міністраў Канстанціна Бурака. Аднак там не пазначана, у якім статусе яго чакаюць.

Катэгарычны ў сваім рашэньні старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, кандыдат у прэзыдэнты на апошніх выбарах Сяргей Чэрачань. Ён пацьвердзіў, што напярэдадні яму патэлефанаваў згаданы ўжо спадар Бурак з апарату Саўміну і запрасіў на сход у якасьці госьця. Што партыйнага лідэра не задавальняе?

«Я бачыў у інтэрнэце гэтую паперу — сьпіс для ўнутранага карыстаньня, ня болей, афіцыйныя запрашэньні так ня робяцца, — гаворыць Сяргей Чэрачань. — І дзеля чаго ісьці? 2400 дэлегатаў, яшчэ 300 — госьці, якія ніякім бокам ня маюць адносінаў да кворуму, бо не бяруць удзелу ў галасаваньні. Зрэшты, усе рашэньні ўжо прынятыя, адмысловыя людзі будуць падымаць свае мандаты толькі намінальна».

Паводле Сяргея Чэрачня, ягонае рашэньне адназначнае: ніякага ўдзелу ў «палітычным спэктаклі». Фармат «псэўдафоруму» не на тое разьлічаны, каб пачуць альтэрнатыўную пазыцыю, мяркуе ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG