Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак 752 рублі. Як жывуць у самых бедных рэгіёнах Беларусі


Калгас у Шклоўскім раёне. Ілюстрацыйнае фота
Калгас у Шклоўскім раёне. Ілюстрацыйнае фота

Другі год запар Шаркаўшчынскі раён мае самы нізкі заробак у Беларусі. Глядзім, дзе яшчэ зарабляюць нашмат меней, чым «па 500».

1474 рублі 6 капеек — такі сярэдні заробак, па зьвестках Белстату, быў у Беларусі ў сьнежні мінулага году. Але ў некаторых рэгіёнах ён удвая меншы.

Шаркаўшчынскі раён. За год заробак упаў на $5

Другі год запар у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласьці самы нізкі сярэдні заробак ва ўсёй Беларусі — 752 рублі, або $287 па сёньняшнім курсе. Гэта амаль удвая менш, чым у сярэднім па краіне. У 2019 годзе ў Шаркаўшчынскім раёне зараблялі ў сярэднім 658 рублёў.

Выглядае, што за год заробак у жыхароў Шаркаўшчыны вырас, але гэта ў рублях. Калі сярэдні заробак за 2019 год пералічыць па сярэднегадавым курсе, то гэта будзе 314 даляраў на месяц. А калі пералічыць заробак за 2020 год па сярэднім курсе за гэты год — выйдзе 309 даляраў. Такім чынам, жыхары Шаркаўшчыны сталі зарабляць на 94 рублі больш, але на 5 даляраў менш.

Раёны Беларусі з самымі нізкімі заробкамі. Паводле Белстату за 2020 г.
Раёны Беларусі з самымі нізкімі заробкамі. Паводле Белстату за 2020 г.

У эканоміцы Шаркаўшчынскага раёну занята 5653 чалавекі, гэта на 120 чалавек менш, чым было ў 2019 годзе. За 2020 год арганізацыі раёну спрацавалі з прыбыткам у 7,6 мільёна рублёў. Годам раней прыбытак быў меншы — 1,4 мільёна.

Па пратэрмінаваных крэдытах раён вінен 7,6 мільёна рублёў, за год даўгі вырасьлі на 6,2 мільёна.

Асноўны эканамічны напрамак раёну — сельская гаспадарка. На тэрыторыі раёну працуе Шаркаўшчынскі кансэрвавы завод, які вырабляе сокі і пладовыя віны.

Кармянскі раён. Рабочаму прапануюць 400 рублёў на месяц

Кармянскі раён Гомельскай вобласьці — другі ў сьпісе раёнаў з самым нізкім заробкам. У сярэднім летась тут зараблялі 788 рублёў, або 300 даляраў. У эканоміцы раёну заняты 5141 чалавек. За год усе арганізацыі раёну спрацавалі з прыбыткам у 2,6 мільёна рублёў, летась было 2,3 мільёна. Па крэдытах раён вінен 5,8 мільёна рублёў, у 2019 годзе было 6,1 мільёна.

З прамысловасьці ў раёне працуюць хлебны завод і «Кармянскі ільнозавод». Калі паглядзець па вакансіях, заробкі прапануюць яшчэ меншыя, чым сярэдні па раёне. Агранома шукаюць на 600 рублёў у месяц, вэтэрынарнага фэльчара — на 510 рублёў, рабочага па прыборцы — на 400 рублёў. Па сёньняшнім курсе гэта 152 даляры і амаль удвая менш, чым сярэдні заробак у гэтым раёне.

Амсьціслаўскі раён — 29,8 мільёна крэдытаў

789 рублёў — такі сярэдні заробак у Амсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці за 2020 год. Па цяперашнім курсе гэта 301 даляр. У эканоміцы раёну занятыя 7288 чалавек, гэта на 257 чалавек менш, чым годам раней.

За год усе арганізацыі раёну спрацавалі з прыбыткам у 1,9 мільёна рублёў, летась было 2,6 мільёна. У раёну 29,8 мільёна пратэрмінаваных крэдытаў, за год запазычанасьць вырасла на 8,5 мільёна.

У раёне працуе адкрытае акцыянэрнае таварыства «Мсьціслаўлён» і філія булачна-кандытарскай фабрыкі.

Слаўгарадзкі раён — 18% арганізацый стратныя

У Слаўгарадзкім раёне на Магілёўшчыне летась у сярэднім зараблялі 819 рублёў, або 312 даляраў. У 2020 годзе ўсе арганізацыі раёну спрацавалі з прыбыткам у 1,6 мільёна рублёў, амаль такі ж прыбытак быў у іх і ў 2019 годзе. Рэнтабэльнасьць продажаў у арганізацый — мінус 2,5%, 18% арганізацый раёну стратныя.

Па крэдытах раён вінен 11,9 мільёна рублёў. Асноўны эканамічны напрамак раёну — сельская гаспадарка.

Круглянскі раён. Вакансіі — да 700 рублёў

822 рублі 6 капеек, або 313 даляраў — такі сярэдні заробак мелі жыхары Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці летась. Арганізацыі раёну за год спрацавалі з прыбыткам у 2,3 мільёна рублёў, у 2019 годзе было 2 мільёны.

У раёне 14,3% стратных арганізацый, рэнтабэльнасьць іх продажаў — 0,5%. Па крэдытах раён вінен 12,3 мільёна рублёў. Годам раней гэтая сума складала 13,6 мільёна.

У раёне працуюць завод па перапрацоўцы другасных рэсурсаў, прадпрыемства дрэваапрацоўкі і філіял расейскай кандытарскай фабрыкі. Калі паглядзець першыя 5 вакансій у раёне, то заробкі яшчэ меншыя, чым сярэдні па раёне: ад 400 да 700 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG