Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плаціць я не зьбіраюся». Акадэмія МУС выставіла рахунак былому ўчастковаму інспэктару


Былы міліцыянт Аляксандар Кучынскі
Былы міліцыянт Аляксандар Кучынскі

Акадэмія Міністэрства ўнутраных справаў запатрабавала ад былога інспэктара міліцыі Аляксандра Кучынскага цягам двух месяцаў пакрыць сродкі, патрачаныя міністэрствам на ягонае навучаньне.

Не пазьней за 22 сакавіка ён мусіць «у добраахвотным парадку» заплаціць 50 800 рублёў.

22-гадовы Аляксандар Кучынскі з Нарачы працаваў участковым інспэктарам міліцыі ў Мядзельскім РАУС. Яго звольнілі 14 сьнежня 2020 году за верш пра сытуацыю ў краіне, якая склалася пасьля выбараў. Аляксандар напісаў гэты верш і разьмясьціў на старонцы «ЎКантакце».

Кіраўніцтва РАУС назвала гэта «інфармацыяй, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы, што пацягнула за сабой прычыненьне шкоды іміджу і аўтарытэту органаў унутраных справаў».

«Пакрыўдзіліся, як маленькія дзеці»

Пасьля звальненьня Аляксандар Кучынскі расакзаў у СМІ пра сваю сытуацыю і пачаў шукаць новую працу.

Газэта «На страже» 19 студзеня апублікавала артыкул з пазнакай «антыфэйк», у якім назвала Аляксандра «перабежчыкам». У артыкуле сказана, што Аляксандар нібыта пераконваў сваіх калег, што «каб шчасьліва паехаць на ПМЖ у Польшчу, сёньня супрацоўніку АУС дастаткова проста звольніцца». А калі яшчэ быў супрацоўнікам міліцыі, сфатаграфаваўся зь сябрамі «на фоне незарэгістраванага бел-чырвона-белага сьцяга, а таксама ціснуў зь сябе ўсьмешку, дэманструючы ў аналягічных дэкарацыях службовае пасьведчаньне».

Пад артыкулам пазначана, што ён напісаны на падставе паведамленьня Мядзельскага РАУС.

Аляксандар сказаў Свабодзе, што газэта «На страже» апублікавала ягоны фатаздымак безь ягонага дазволу.

«Я думаю, яны на мяне проста пакрыўдзіліся, як маленькія дзеці, і спрабуюць неяк апраўдаць свае дзеяньні чым заўгодна. Спрабуюць даказаць, што мяне звольнілі законна. Чамусьці напісалі пра Польшчу, маўляў, „мутны“ хлопец, падбіваў усіх на пераезд у Польшчу, — сказаў Аляксандар. — Лухта поўная. Я нават меркаваў напісаць скаргу, але потым параіўся зь людзьмі, што бессэнсоўна, гэта ня ў нашай краіне, толькі час страціш».

Паводле Аляксандра, фатаздымак на фоне бел-чырвона-белага сьцяга ён апублікаваў ужо пасьля таго, як быў звольнены з РАУС за верш.

«Яны маглі хоць бы ў газэце патлумачыць, які ж я зрабіў праступак, чым жа я адзін змог так зьнішчыць гонар і годнасьць супрацоўнікаў унутраных справаў, нанесьці шкоду іх іміджу, што ім ажно давялося мяне звольніць. Відаць, такі там імідж, калі адзін мой вершык можа яго падарваць».

«Мая дзяўчына побач, і гэта мне дапамагае»

Аляксандар пакуль ня ведае як сплаціць акадэміі МУС 50 800 рублёў.

«Калі б я нават прадаў усю сваю маёмасьць, а ў мяне толькі мабільны тэлефон, і маёмасьць бацькоў, то ўсё роўна такіх грошай не сабраў бы да 22 сакавіка, — кажа хлапец. — Таму плаціць я не зьбіраюся. Ну а там, пасьля суду будзе бачна, што яны скажуць. Відаць будуць неяк дзяўбсьці. Пакуль ня ведаю, што з гэтым рабіць. Спрабую тут знайсьці працу».

Пасьля таго, як гісторыя Аляксандра стала вядомай, людзі зь Мядзельскага раёну пачалі яму дапамагаць, папрасілі ягоны рахунак. За дзень сабралі 50 рублёў.

«Сваякі даведаліся, пачалі цікавіцца, спрабуюць дапамагчы, бацькі зразумелі нарэшце, што да чаго. Мая дзяўчына побач, і гэта мне дапамагае. Калі б не яна, я ня ведаю што б рабіў. Таму ў прынцыпе і не магу выехаць, — кажа Аляксандар, — Сябры патэлефанавалі, прапанавалі дапамогу. Ну, круцімся, змагаемся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG