Адвакат Яўгена Афнагеля адразу ж пасьля весткі аб сьмерці бацькі зьвярнуўся да сьледзтва з просьбай дазволіць палітвязьню прысутнічаць на пахаваньні, піша «Хартыя-97».
Аднак Яўгена не пусьцілі на разьвітаньне з бацькам. Адміністрацыя СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе ўтрымліваюць палітвязьня, адмовіліся разглядаць такую магчымасьць без дазволу Сьледчага камітэту. Але там нават не адказалі на зварот, пададзены 25 студзеня.
Ігар Афнагель 30 гадоў працаваў у рэдакцыі Беларускай энцыкляпэдыі, быў вядомым маратонцам-аматарам. Ён памёр у панядзелак на 83-м годзе жыцьця. У сераду яго пахавалі на Заходніх могілках у Менску.
У 2008 годзе палітвязьня Аляксандра Казуліна адпусьцілі дадому на тры дні, калі памерла ягоная жонка. У 2011 годзе палітвязьню Алесю Бяляцкаму не далі прысутнічаць на пахаваньні бацькі.