Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мае сваякі — свабодныя беларусы». Пра што пішуць у турму і з турмы


Паштовая скрынка ў Менску. Фота: Melander / Shutterstock.com
Паштовая скрынка ў Менску. Фота: Melander / Shutterstock.com

Сёлета беларусы маштабна аднавілі культуру папяровага ліставаньня зь вязьнямі. Даведаліся, пра што пішуць лісты туды і адтуль.

Даслаць электронны ліст і паглядзець, каму пішуць больш

У Беларусі сёлета ўжо 167 чалавек прызнаныя палітвязьнямі, больш за 30 тысяч прайшлі праз затрыманьні ў сувязі з пратэстамі. Фактычна адзіным спосабам сувязі праз краты засталіся папяровыя лісты і паштоўкі. Якія канвэрты дойдуць хутчэй, дзе знайсьці тэматычныя маркі, ці варта дасылаць тэлеграмы, што пісаць незнаёмцам і як прарвацца праз цэнзара, людзі абмяркоўваюць на поштах і ў інтэрнэт-суполках.

Лісты палітвязьням
Лісты палітвязьням
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў зьвесткі пра палітзьняволеных, кім яны працуюць, чым цікавяцца, дэталі іхніх справаў, дні народзінаў, фота. Так прасьцей пазнаёміцца са зьняволеным і вырашыць, пра што зь ім гаварыць.
  • Беларусы аб’ядноўваюцца ў суполкі, у якіх дзеляцца інфармацыяй пра ліставаньне.
  • Пачаў працаваць сэрвіс, у якім можна напісаць вязьню электронны ліст, а валянтэры раздрукуюць яго, пакладуць у канвэрт і дашлюць у турму.
  • Зьявілася таблічка, дзе можна паглядзець, каму пішуць больш, а хто атрымлівае мала вестак з волі.

Што ў канвэртах — расказваюць тыя, хто ўжо распачаў ліставаньне са зьняволенымі.

«Я вельмі паважаю людзей, якія не здаюцца»

Паліна піша лісты разам са сваёй 8-гадовай дачкой Ульянай. Кажа, тая сама далучаецца, калі бацькі нечым заўзята займаюцца.

«Мне вельмі шкада, што ў нашай краіне адбываецца жах. Але я думаю, што мы пераможам», — напісала маленькая Ўльяна блогеру Ігару Лосіку.

Лісты і паштоўкі ад малой Ульяны
Лісты і паштоўкі ад малой Ульяны

«Я вельмі паважаю людзей, якія не здаюцца», — піша дзяўчынка ў іншым лісьце, да Марыі Бабовіч.

Перад тым як пісаць, Паліна шукае інфармацыю пра вязьняў. Расказвае пра сябе і пра тое, што ведае пра суразмоўцу. Некаторым дасылала квізы, каб зьняволеныя маглі пабавіцца. Мэтадам спробаў яна даведалася, што ў турму нельга дасылаць прадметы — прыкладам, дубовы лісьцік, — а таксама газэты і часопісы. Паліна мяркуе, што людзі пішуць лісты ня толькі каб падтрымаць вязьняў, а перадусім для сябе.

Квіз ад Паліны
Квіз ад Паліны

Сям’я напісала каля 300 лістоў

Аляксандра зь Менску піша лісты ў вязьніцы разам зь дзьвюма дочкамі: малодшай Адэліне 8 гадоў, старэйшай Даліі — 17, сярэдні сын носіць лісты на пошту. Сям’я напісала ўжо каля 300 лістоў. Кажуць, раней бралі на пошце па 20 канвэртаў на тыдзень, цяпер — па 100.

Жанчына напаўняе свае лісты жывымі гісторыямі, яскравымі ўражаньнямі. Прыкладам, яна апісала Антаніне Канавалавай, якая была даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай, вельмі прыгожы сьвітанак. Аляксандра апісвае ўражаньні ад кніг, фільмаў, сьвятаў, расказвае пра мноства сваіх жывёлаў — каня, сабакаў, катоў, трусіка, курэй, гуску, пра сынаў акварыюм.

Малюнак ад дачкі Даліі
Малюнак ад дачкі Даліі

Жанчына заўважыла, што пазытыву болей у «сьвядомых» людзей, як Яўген Афнагель, Максім Знак, Аляксандар Васілевіч. У маладых хлопцаў лісты сумнейшыя. Аляксандра як псыхоляг раіць вязьням, як ім падтрымліваць саміх сябе ў зьняволеньні. Марфе Рабковай яна параіла сьпяваць і напісала словы песьні «Цячэ вада ў ярок».

«Ты вымушаны шукаць у сабе самыя добрыя пачуцьці і зьбіраць рэшткі надзеі для іншых, і гэтым ты падтрымліваеш і сябе», — робіць выснову Аляксандра.

«Пісала, што трох беларусак вылучылі на Нобэлеўскую прэмію»

Мянчанка Кацярына Талочка працуе графічнай дызайнэркай. Яна расказвае пра ліставаньне, акурат калі бяжыць на пошту па маркі. Прызнаецца, што лісты вязьняў, як ні дзіўна, часта падымаюць ёй настрой. Большасьць людзей, якія ёй пішуць з-за кратаў, добра трымаюцца ў зьняволеньні. Павал Севярынец, прыкладам, пісаў, што ім там у нейкім пляне прасьцей, чым сваякам на волі.

«Першапачаткова я пісала толькі розныя глупствы пра сваіх жывёлаў, надвор’е, прагулкі, любімыя кнігі. Крыху пазьней пачала нейкія навіны пісаць — гэтага ім не хапае больш за ўсё. Напрыклад, пра тое, што трох беларусак намінавалі на Нобэлеўскую прэмію», — дзеліцца Кацярына.

Малюнак Расьціслава Стэфановіча для Кацярыны
Малюнак Расьціслава Стэфановіча для Кацярыны

Дзяўчына адзначае Ўладзімера Гароха з Наваградку, якога вінавацяць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і абразе прэзыдэнта.

«Ягоныя лісты па-бацькоўску цёплыя. Ён разважае, што ў жыцьці заўсёды ёсьць мэта. Неяк напісаў, што калі над галавой зьбіраюцца хмары, то варта памятаць, што за імі сьвеціць сонца. Ён заўжды перадае прывітаньне ўсім беларусам», — кажа Кацярына.

Яна раздрукоўвае карціны прыроды, набывае сьмешныя паштоўкі з катамі. Кажа, што вязьні ўдзячныя за паштоўкі, бо за кратамі прыгожага мала.

«Доўга не магла дапісацца да аднаго вязьня. І адзін раз ужо без надзеі напісала дурны ліст, як хацела стаць балерынай, але выбрала есьці булкі. І што вы думаеце? Якраз ён і дайшоў! І адказ прыйшоў таксама жартаўлівы», — кажа дзяўчына.

Хтосьці зь яе новых знаёмых піша, што нарэшце яму пачалі пісаць дзяўчыны, іншы — што кормяць тройчы на дзень і можна чытаць цэлы дзень, многія просяць расказаць пра любімыя кнігі і фільмы. Хлопцу, які захапляецца спортам, Кацярына напісала футбольныя навіны з жартаўлівым уступам: «Увага! Тэрміновыя навіны». Дзяўчына даведалася, што кіраўнік Ruin Bar Ok16 і валянтэр каманды Віктара Бабарыкі Лявон Халатран любіць налепкі і заўсёды піша ў лістах «Абдымаю».

Налепка ад Лявона Халатрана
Налепка ад Лявона Халатрана

«Аднойчы мне адказалі, што ўсёй камэрай сьмяяліся з прыгодаў майго сабакі. Яны стараюцца не сумаваць, жартуюць, малююць смайлы, пераказваюць цёплыя ўспаміны. Кожны спадзяецца, што хутка адбудзецца цуд і справядлівасьць пераможа. Мяне вельмі кранае, што кожны піша, каб мы бераглі адно аднаго», — кажа суразмоўца.

Напісала Бабарыку 93 лісты, атрымала 3 адказы

Марыя Бідула з Заслаўя напісала Віктару Бабарыку 93 лісты і 94 паштоўкі, атрымала толькі тры адказы ад яго. Яна знаёмая зь Сяргеем Ціханоўскім. Расказала яму, што паштарка з Заслаўя мяркуе, нібыта Ціханоўскі ейны сваяк.

«Мае сваякі — свабодныя беларусы. Іх цяпер шмат», — адказаў у лісьце Сяргей.

Ён абрысаваў сваю далонь і даслаў суразмоўцы. Марыя прыклала да ягонага адбітка сваю далонь — і атрымаўся поціск рукі.

Ліст ад Ціханоўскага
Ліст ад Ціханоўскага

Марыя таксама лістуецца з Уладам Карэцкім, які працаваў над фільмам «Урокі фарсі», які вылучылі на Оскар ад Беларусі ў 2021 годзе.

Улад спачатку сядзеў з іншаземцамі і пачаў вучыць ангельскую мову. Цяпер падручнікаў для яго чамусьці не прымаюць. Пісаў, што сьняцца здымкі кіно, дзяліўся ўспамінамі аб працы над фільмам. Раней займаўся яшчэ сацыяльнымі танцамі. Шмат цяпер згадвае пра іх.

«У мяне думак пра танцы, напэўна, на некалькі кніг хопіць», — прызнаўся Ўлад.

Ён цікавіцца вандроўкамі па Беларусі і просіць пісаць яму пра цікавыя маршруты і месцы.

«Абмяркоўвалі запуск капсулы Ілана Маска»

Маці асуджанага сёлета ў лютым анархіста Мікіты Емяльянава Анастасія піша лісты ня толькі свайму сыну. Мікіта апошні раз пісаў 7 сьнежня, што ідзе ў штрафны ізалятар. Анастасія рэгулярна лістуецца таксама з навукоўцам Міхаілам Жамчужным, асуджаным яшчэ ў 2015 годзе, і з антыфашыстам Ільлёй Валавіком, які атрымаў 10 гадоў у 2017-м.

«Ільля верыць у Езуса Хрыста і шмат чытае Біблію і рэлігійныя кнігі. Ён піша шмат цікавых урыўкаў зь Бібліі», — расказала Анастасія.

Жамчужны апошні ліст даслаў у кастрычніку, пісаў, што пойдзе на месяц у штрафны ізалятар. Меўся адтуль выйсьці напрыканцы лістапада, аднак дагэтуль ад яго няма адказу.

«Зь Міхалам мы абмяркоўвалі запуск капсулы Ілана Маска Crew Dragon і строі астранаўтаў. Я пра розныя опэры яму пісала, мы пра кнігі размаўлялі, пра выбар каралёў Рэчы Паспалітай. Ён прымушае мяне ўсьміхацца. У яго вельмі добрае пачуцьцё гумару», — працягвае жанчына.

Адзін ліст Анастасіі напісаў Мікола Статкевіч. Ён расказаў, што яго ў турме падтрымлівае псальм 22: «Нават у даліне сьмяротнага ценю не збаюся зла, бо Ты са мною».

«Па-над народам — сьветлыя сьцягі Ісуса Хрыста»

Марына зь Менску напісала ўжо каля 60 лістоў. З Паўлам Севярынцам яна падзялілася «больш народнай» малітвай, якой яе навучыла ў дзяцінстве бабуля. Павал адказаў, што ім у камэру перадалі Біблію. Яны з суседам чытаюць і моляцца. Чакаюць, каб ім знайшлі Біблію па-беларуску.

«Па-над народам — сьветлыя сьцягі Ісуса Хрыста. І тыя роды нацыі, якія пачаліся сёлета, ідуць да сьветлага сьвята Раства, гадавіны нараджэньня Збаўцы сьвету», — піша Севярынец.

Малюнак ад Марыі Несьцеравай
Малюнак ад Марыі Несьцеравай

54-гадовая незалежная назіральніца Марыя Несьцерава напісала Марыне з ізалятара, што ў яе добрая кампанія, а настрой — баявы.

«Веру ў лепшае, духам ня падаю, асабліва з той падтрымкай, якая прылятае ў лістах і паштоўках з розных куткоў краіны», — напісала Марыя Несьцерава.

Многім яна дасылае каляровыя размалёўкі.

Блогер Ігар Лосік напісаў Марыне ня вельмі вясёлы ліст, але намаляваў ёй Віні-Пуха з пчоламі.

Малюнак ад Ігара Лосіка
Малюнак ад Ігара Лосіка

«Мы абавязкова пераможам, бо нас шмат і мы разам»

Мэдэя зь Менску дасылае вязьням ня толькі лісты, але на сьвяты і бандэролі з арэшкамі. Адказала ёй пакуль толькі журналістка Кацярына Андрэева. Ліст падаўся жанчыне спакойным, мерным, абдуманым, прыязным. Кацярына пісала, што не шкадуе, што прыйшла ў журналістыку, і выказала спадзеў, што неўзабаве «дарагія гледачы будуць сачыць за падзеямі ў краіне разам са мной».

Ірына Козікава, сястра зьняволенага адваката Максіма Знака, расказала, што іхні бацька публікуе ўсе лісты Максіма ў фэйсбуку пад тэгам #невероятные_письма. У апошнім зь лістоў Максім пісаў, што яму прыйшло 610 лістоў, а ён даслаў 590. Тыя, хто атрымлівае лісты ад Знака, кажуць, што ён папраўдзе «цьвёрды Знак». Максім дужа падтрымлівае людзей на волі, піша пазытыўныя лісты, вершы, да таго ж шмат чытае ў няволі.

«Зазірнуў у кішэні — ніводнага каштана. А зазвычай увосень хоць пара, але ёсьць... І кожны — асаблівы. Або неймаверны, як людзі цяпер. Як людзі заўжды. Нават калі баяліся ў гэтым прызнацца», — пісаў Максім у адным зь лістоў.

Малюнак Ірыны Козікавай па матывах ліста ейнага брата Максіма Знака
Малюнак Ірыны Козікавай па матывах ліста ейнага брата Максіма Знака

Тацяна (імя зьмененае) напісала ўжо каля 80 лістоў. Пачала, калі даведалася, што сядзіць сын ейнага знаёмага. Той па прафэсіі праграміст, і дзяўчына вырашыла напісаць яму па-беларуску навіны з IT-сфэры. Апісвае таксама ўражаньні ад кніг, м’юзыклаў. З турмы ёй напісалі, што бібліятэка багатая на клясыку. Самая вясёлая там кніга — пра прыгоды ўдалага ваякі Швэйка.

Дзяўчына мяркуе, што многія беларусы асьцерагаюцца пісаць лісты ў турмы, бо ня ведаюць, наколькі гэта бясьпечна. Сама яна ня мела праблемаў праз тое, што лістуецца зь вязьнямі.

Ліка зь Менску расказала, што былая журналістка Вольга Класкоўская трымаецца бадзёра.

«Беларуская салідарнасьць — неймаверная сіла. Мы абавязкова пераможам, бо нас шмат і мы разам. Беларусь стане свабоднай, незалежнай, моцнай і ўтульнай для ўсіх яе жыхароў», — напісала Вольга.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG