Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай мне будзе горш, але я пайду іншых абараняць». Асуджаная на арышт паштарка пра сябе і сям’ю


Ларыса Танкашкур
Ларыса Танкашкур

56-гадовая паштарка Ларыса Танкашкур будзе абскарджваць вынесены ёй прысуд за перадачу ў чат зьвестак пра сілавікоў.

22 студзеня Першамайскі суд прысудзіў Ларысе Танкашкур тры месяцы арышту паводле часткі 1 артыкула 179 Крымінальнага кодэксу за «незаконнае зьбіраньне і распаўсюджваньне зьвестак аб прыватным жыцьці, якія складаюць асабістую сямейную тайну іншай асобы безь яе згоды, якое пацягнула за сабой прычыненьне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелага».

Ларыса Танкашкур будзе адбываць пакараньне ў арыштным доме. Да набыцьця прысудам моцы ёй пакінулі ранейшую меру стрыманьня ў выглядзе асабістага паручальніцтва. Ейны тэлефон канфіскуюць.

«Жыве Беларусь! Вы наш герой!»

Прысуд Ларыса Танкашкур можа абскардзіць цягам дзесяці дзён у Менскім гарадзкім судзе.

«Я думаю, што яны пакінуць прысуд у сіле. Ну, неяк перажывём. Я характарам чалавек моцны. У турме, калі забралі на 15 сутак, мне было страшней за дачку, за сваякоў, а не за сябе, хоць зь мяне зьдзекаваліся», — сказала Свабодзе Ларыса пасьля працэсу.

Ларыса Танкашкур у судзе Першамайскага раёну Менску
Ларыса Танкашкур у судзе Першамайскага раёну Менску

Былая паштарка перадала ў тэлеграм-чат «Лебяжий 97%» імёны і адрасы супрацоўнікаў міліцыі, якія былі падпісчыкамі ведамаснага выданьня МУС «На страже». Пасьля гэтай гісторыі Ларыса была вымушаная звольніцца з паштовага аддзяленьня «па згодзе бакоў». Цяпер працуе прыбіральніцай.

Пацярпелымі ў справе праходзілі 35 супрацоўнікаў міліцыі, былых і цяперашніх. Матэрыяльных прэтэнзій да жанчыны яны ня мелі, але казалі, што публікацыя іх прозьвішчаў і адрасоў прынесла ім маральную шкоду.

«Я не шкадую, бо шчыра гэта зрабіла, не за нейкія грошы. Так ужо назьбіралася гэтай несправядлівасьці, што людзей садзяць незразумела за што: за парасоны, за тое, што проста стаяць... Я абурылася. Гэта перапоўніла мяне, — кажа Ларыса. — Усе мне пішуць. Мужчына знайшоў мяне ў інтэрнэце, прыехаў і кветкі прывёз, а ягоная ўнучка напісала: «Жыве Беларусь! Вы наш герой!». Таму добрых людзей больш, і я веру, што мы пераможам. Я цяпер ужо кажу «мы», бо веру, што гэта так ня спыніцца. Таму ні пра што не шкадую. Усё, што робіцца, робіцца да лепшага».

«Я нараджала пад гэтым сьцягам»

Ларыса Танкашкур зьбіраецца напісаць заяву на супрацоўніка міліцыі, які быў дапытаны ў судзе як пацярпелы. Ён сказаў, што бачыў жанчыну ў Цэнтральным РУУС. Ларыса сьцьвярджае, што менавіта ён ёй пагражаў, калі яе затрымалі паводле артыкула 23.34.

«Я ўбачыла, што гэта менавіта ён мне пагражаў. Цяпер напішу, ведаю яго прозьвішча. Няхай ужо будзе што будзе. Ён жыве на Лебядзіным. Ён казаў, каб я здохла ў турме, каб зь мяне там пеўня зрабілі; што ён напіша, што мы прастытуткі з дачкой, каб нам тэлефанавалі; што нагадзіць пад дзьверы. Што будзе пагражаць усёй маёй сям’і да сёмага калена, — кажа Ларыса. — Да мяне сапраўды прыйшлі і ля кватэры на сьцяне напісалі, што „Тут жыве стукач Нехты, здраднік“, намалявалі свастыку і на паштовай скрыні напісалі „польская шлюха“. Я думаю, што гэта яны, бо я ні з кім не сварылася».

Ларыса кажа, што сама зафарбавала надпісы, а ў міліцыю ня стала падаваць, бо «ўсё роўна ня знойдуць».

Адзін зь міліцыянтаў, якога прызналі пацярпелым — Станіслаў Цімашук
Адзін зь міліцыянтаў, якога прызналі пацярпелым — Станіслаў Цімашук

«Калі мяне прывялі ў пастарунак, гэты пачаў на мяне крычаць: «Пляваць я хацеў, за каго вы галасавалі, бегаеце са сьцягам». Я кажу: «Я нараджала пад гэтым сьцягам. Дачка ў 1992 годзе нарадзілася, і быў бел-чырвона-белы сьцяг. Што ня так з гэтым сьцягам?» — кажа Ларыса.

«У нас была цудоўная кампанія»

Ларыса Танкашкур згадвае пра сваіх новых сябровак, зь якімі пазнаёмілася за кратамі, калі адбывала 15 дзён арышту за непадпарадкаваньне. Гэта Алена Леўчанка, Натальля Хершэ, Іна Кавалёнак і Соф’я Малашэвіч. Сядзела ў камэры, дзе да таго была ейная сястра Галіна Лагацкая, якую аштрафавалі таксама на 15 дзён за ўдзел у маршы пэнсіянэраў.

«У нас была цудоўная кампанія: малайцы дзяўчаты, пазытыўныя. Іну штодня вадзілі на гадзіну-паўтары на допыты, бо яна была валянтэркай у Бабарыкі. Потым Натальлю Хершэ перавялі ў Жодзіна», — апавядае Ларыса.

Жанчына кажа, што яны спалі на нарах без матрацаў, а Ларыса на вузкай лавачцы, да якой прывязвала падушку ручніком, каб ня падала.

Цяпер Ларыса перапісваецца з Натальляй Хершэ, хадзіла падтрымаць яе на судзе.

«Хершэ напісала, што трымаецца, настрой добры; верыць, што мы пераможам і ўсё будзе добра. Яна пазытыўная. Казала ў судзе, што хоча, каб Беларусь была такой, як Швайцарыя. Я напісала ёй ліст, што «будзеш мяне маляваць», — кажа Ларыса. — Лісты пісаць за краты вельмі важна. Напішу зноў Віктару Бабарыку, Сьвятлане Купрэевай, Соф’і Малашэвіч».

«Нас бацькі ніколі ня білі»

Ларыса Танкашкур нарадзілася ў вёсцы Гарадзец Рагачоўскага раёну ў шматдзетнай сям’і. Маці была настаўніца, а бацька інвалід вайны, нядаўна памёр, у 94 гады (маці памерла раней).

«Нас сямёра, сям’я вельмі дружная. Нас бацькі ніколі ня білі, ніякага гвалту не было», — кажа Ларыса.

Фота зь сямейнага альбому
Фота зь сямейнага альбому

Жанчына скончыла вучылішча электронікі, працавала на «Інтэграле». Пасьля нараджэньня дачкі пайшла працаваць у «Саюздрук», потым скончыла гандлёвыя курсы, працавала на рынку. Успамінае, як прадавала газэту «Народная воля» ў пераходах.

Пасьля сьмерці мужа выхоўвала дачку і даглядала сьвякроў-інваліда, без нагі. Ільготнага крэдыту на кватэру ёй не далі, таму давялося ўзяць крэдыт пад 35% і самой яго выплачваць.

«Вядома, усё гэта цяжка адной. Працавала, ня бачачы ні белага сьвету, ні таго, што адбываецца ў краіне, — кажа Ларыса. — Ніколі на выбарах не было столькі людзей. Калі паехала да бацькі, мы зь ім абмеркавалі, ён казаў таксама, што супраць Лукашэнкі, што ня будзе за яго галасаваць».

«Ён як стаў крычаць: „Што вы супраць Лукашэнкі ваюеце?“»

На судзе Ларысу падтрымлівала сястра, вядомая ўдзельніца акцый пратэсту Галіна Лагацкая. А вось з братам Міхаілам пайшоў разлад, бо ён за Лукашэнку.

«Міхаіл за мяне на 10 гадоў старэйшы, яму 64. У яго быў дзень народзінаў 15 жніўня. Ён як стаў на мяне крычаць, што вы супраць Лукашэнкі ваюеце, вы прыдуркі, вы такія-сякія. Потым нібыта памірыліся. Я кажу: «А гэта справядліва, калі адна мая сястра пэнсію атрымлівае 560 рублёў, бухгальтаркай адпрацаваўшы, а другая, што ў Добрушы жыве, — 320 рублёў, кухарам адрабіла? І тое, што я толькі ў 50 гадоў кватэру атрымала, стаяўшы ў чарзе, пражыўшы безь нічога? А колькі другая сястра ходзіць па судах, гэта нармальна?»

Брат працуе, хаця ўжо на пэнсіі.

Ларыса Танкашкур у 1990-я гады на Гомельшчыне
Ларыса Танкашкур у 1990-я гады на Гомельшчыне

«На пахаваньні бацькі я ня ведаю, што мы зь сястрой сказалі такое, што ён як схапіўся, як пабег. «Вы гэты гвалт бачылі?» — пытаецца. «Так, — кажу, — Міша, бачыла гвалт. Ты што, вітаеш гвалт, што зь людзей зьдзекуюцца?» Ён павярнуўся і пайшоў. Я зь ім не сустракаюся, не гавару. Ня знаю, ці ведае ён што пра гэты мой суд», — кажа Ларыса.

Ларыса раней добра зь ім сябравала, гэта быў любімы брат, называў яе любімай сястрой. Цяпер старэйшая сястра стараецца ўжо не зьбіраць іх разам, каб не сварыліся.

«Мы ў сям’і ўсе такія, за справядлівасьць. Няхай мне будзе горш, але я пайду іншых абараняць, — кажа Ларыса. — Ды я неяк і Галі кажу: «Не ваюй ты з гэтым ветраком, нічога не дакажаш». Але яна сказала, што ніколі ня спыніцца. Цяпер я таксама гэта зразумела. У мяне няма знаёмых за Лукашэнку, усе толькі за перамены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG