Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вярнуцца ў новую Беларусь». Як зьмянілася жыцьцё студэнтаў, якія зьехалі пасьля перасьледу за пратэсты


Пратэст студэнтаў у Менску 26 кастрычніка 2020
Пратэст студэнтаў у Менску 26 кастрычніка 2020

Як склаўся лёс трох беларускіх студэнтаў, якія з натхненьнем успрынялі леташнюю выбарчую кампанію, далучыліся да пратэстаў і трапілі пад перасьлед уладаў — у публікацыі Свабоды.

Іван: «У аэрапорце каля гадзіны чакаў, пакуль вернуць пашпарт»

«Раней мне здавалася, што я пяшчынка ў гэтай сыстэме і ў глябальным пляне ад мяне нічога не залежыць», — прызнаецца 20-гадовы Іван Бачыла, былы студэнт 3-га курсу Інстытуту псыхалёгіі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка.

Іван Бачыла падчас аднаго зь нядзельных пратэстаў на праспэкце Пераможцаў у Менску
Іван Бачыла падчас аднаго зь нядзельных пратэстаў на праспэкце Пераможцаў у Менску

Хлопец сьцьвярджае, што ў Беларусі яго заўсёды непакоіла несправядлівасьць. Яе з кожным годам юнак адчуваў усё мацней. Асабліва моцна ў памяці Івана адбілася гісторыя сябра, якому, як ён расказваў, 3 гады таму падкінулі наркотыкі.

«Яго мама стукалася ва ўсе дзьверы, але ніхто з чыноўнікаў ёй нічым не дапамог. Я зразумеў, што ў гэтай краіне кожны сам за сябе. У выпадку бяды тут няма да каго зьвярнуцца, — апавядае Іван. — Пра магчымасьць нешта зьмяніць я задумаўся толькі летась. Калі Віктар Бабарыка (адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах 2020. — РС) заявіў, што выбары будуць асаблівымі, я зразумеў: гэта шанец».

У наступныя месяцы Іван браў актыўны ўдзел у пратэстах, за што атрымаў два штрафы (сумарна 350 рублёў) базавых паводле самага «папулярнага» адміністрацыйнага артыкулу 23.34. Таксама быў адным зь лідэраў студэнцкага страйкаму, вёў тэлеграм-канал «Салiдарнасьць БДПУ», заклікаў выходзіць з БРСМ. Яго неаднаразова выклікалі ў дэканат на выхаваўчыя гутаркі.

«Салідарных з намі выкладчыкаў было шмат. Але большасьць зь іх не маглі адкрыта выказваць сваю пазыцыю, таму што баяліся звальненьня», — кажа Іван.

Пра выезд зь Беларусі Іван задумаўся пасьля масавага затрыманьня студэнтаў 12 лістапада. У той дзень ён празь сябра перадаў свой тэлефон родным і пераехаў жыць да знаёмых. Празь некалькі дзён у бацькоўскую хату прыйшлі людзі ў форме, аднак дзьвярэй ім не адчынілі. 18 лістапада Іван ужо стаяў у аэрапорце зь білетам на найбліжэйшы рэйс у Кіеў.

«Вельмі нэрвовым момантам стала праходжаньне мяжы. Я каля гадзіны чакаў, пакуль мне аддадуць пашпарт. Здавалася, што я ўжо ня выеду, мяне затрымаюць. Але ўсё абышлося».

Дзякуючы дапамозе праекту «Сумленны ўнівэрсытэт» Іван зь яшчэ 5 студэнцкімі актывістамі жыве ў трохпакаёвай кватэры ў Кіеве. Аплаціць яе дапамагае фонд, які выдзяляе 150 даляраў на чалавека цягам 3 месяцаў. Колькасьць жыхароў пастаянна мяняецца — хтосьці едзе вучыцца ў Эўропу, а на іх месца прыяжджаюць новыя ўцекачы зь Беларусі.

«Цяпер мая асноўная дзейнасьць — студэнцкі тэлеграм-канал. Вельмі чакаю вясны. Упэўнены, што будзе другая хваля пратэстаў», — кажа Іван.
На пытаньне, ці не шкадуе трох гадоў платнага навучаньня, адказвае: «Больш шкадаваў бы выпасьці з жыцьця, седзячы ў турме».

Яўген: «Убачанае 9-10 жніўня выклікала шок»

З прычыны рэпрэсій выехаў зь Беларусі і студэнт факультэту пэдагогікі і псыхалёгіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 20-гадовы Яўген Тэрэсані. Хлопец на працягу чатырох курсаў вылучаўся посьпехамі ў вучобе. Атрымліваў прызавыя месцы на канфэрэнцыях і алімпіядах. Аднак за ўдзел у пратэстах кіраўніцтва ўнівэрсытэту пачало ціснуць на Яўгена.

«9 і 10 жніўня я быў у Менску. Падчас пратэсту аказаў дапамогу мужчыну, зьбітаму аўтазакам. Бінтаваў нагу хлопцу, пацярпеламу ад выбуху сьвятлашумавой гранаты, — расказвае Яўген. — Гвалт, які прымяняўся да мірных пратэстоўцаў, шакаваў мяне. Але яшчэ больш уразіла тое, як усё перавярнулі ў дзяржаўных СМІ. Менавіта гэта дадало мне жаданьня не здавацца».

Яўген Тэрэсані (у цэнтры) дапамагае пераносіць параненага падчас пратэстаў чалавека. 9-10 жніўня 2020. Фота: Tut.by
Яўген Тэрэсані (у цэнтры) дапамагае пераносіць параненага падчас пратэстаў чалавека. 9-10 жніўня 2020. Фота: Tut.by

Яўген дапамагаў з арганізацыяй апазыцыйных акцый у родным горадзе Бярозаўцы Лідзкага раёну. Нягледзячы на тое, што жыхароў у ім каля 10 тысяч, на адзін з пратэстаў прыйшла тысяча чалавек.

У верасьні Яўген вярнуўся на вучобу ў Баранавічы, дзе працягваў наведваць мітынгі.

4 верасьня ў БарДУ прайшла сустрэча студэнтаў і адміністрацыі ўнівэрсытэту з пракурорам Аляксандрам Карлюком, начальнікам ГАУС Уладзімерам Максімчуком і мэрам гораду Юрыем Грамакоўскім. Па словах Яўгена, на экране трансьлявалася відэа, дзе пратэстоўцы кідаюць камяні, нападаючы на сілавікоў.

«Я спытаў, чаму інфармацыя аднабаковая, а потым пацікавіўся, ці будуць жорстка затрымліваць людзей, якія выйшлі ў падтрымку Лукашэнкі. Але не атрымаў дакладнага адказу. Праз 5 хвілін мяне ўжо выклікалі ў дэканат. Адміністрацыя чаплялася да ўсяго. Напрыклад, ім не спадабалася, чаму я задаў два пытаньні, а не адно. На іх думку, гэта некультурна, бо «сядзелі такія паважаныя людзі». Пагражалі адлічэньнем.

23 верасьня, у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі, Яўген паехаў у Менск. Увечары яго затрымалі і пабілі сілавікі. У хлопца зафіксавалі страсеньне мозгу і зламаны нос, аднак яго завезьлі ў Жодзіна і прысудзілі штраф. Празь некалькі тыдняў Яўгену Тэрэсані сталі тэлефанаваць зь міліцыі. Прыйшоў участковы і папярэдзіў пра пагрозу крымінальнай адказнасьці ў выпадку наступных затрыманьняў.
Баючыся арышту, Яўген вылецеў у Варшаву 29 сьнежня. Кажа, стаміўся жыць у страху. Бацькі ўвесь гэты час падтрымлівалі ягоныя рашэньні і дапамаглі матэрыяльна з выездам.

Яўген Тэрэсані
Яўген Тэрэсані

Цяпер хлопец здымае пакой у Варшаве, працягвае займацца актывізмам пры праекце «Сумленны ўнівэрсытэт», далучыўся да аднаго з новых праектаў у Народным антыкрызісным кіраўніцтве.

«Я спадзяюся як мага хутчэй вярнуцца дадому. Хачу, каб да ўлады прыйшлі сумленныя і разумныя людзі. Усе, хто ўжывае рэпрэсіі, павінны апынуцца ў турме. Але я ведаю, што на аднаўленьне краіны спатрэбіцца час», — кажа ён.

Маргарыта: «Натхняла актыўнасьць людзей»

Маргарыта Сачыўка, студэнтка другога курсу філялягічнага факультэту Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, палітыкай не цікавілася да пачатку збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў.

«Падчас выбарчай кампаніі мяне натхніла актыўнасьць людзей», — прызнаецца 18-гадовая Маргарыта.

Маргарыта Сачыўка
Маргарыта Сачыўка

Нягледзячы на пагрозы адлічэньня з боку адміністрацыі ўнівэрсытэту і два затрыманьні паводле артыкулу 23.34, яна была сярод нешматлікіх студэнтаў, хто працягваў актыўна пратэставаць.

«Мы, каля 7 чалавек, зьбіраліся засьпяваць песьню пратэсту, — расказвае пра сваё першае затрыманьне Маргарыта. — Яшчэ не пасьпелі пачаць, як адразу ж пад’ехаў бус. Мяне з аднагрупнікам схапілі людзі ў цывільным».

Студэнтаў даставілі ў РАУС, дзе пагражалі затрыманьнем. Сьцьвярджалі, што яны выкрыквалі лёзунгі, стаялі з сымболікай. Маргарыта кажа, што гэта хлусьня. Пасьля складаньня пратаколу ўвечары іх адпусьцілі.

«Пазьней быў савет прафіляктыкі правапарушэньняў і шматлікія гутаркі з намесьнікам дэкана. Мяне неаднаразова заклікалі перастаць пратэставаць. Але я адмовілася», — дзеліцца Маргарыта.

Пасьля ўдзелу ў страйку 26 кастрычніка (дзяўчыну апазнала міліцыя на відэа з камэр назіраньня) яе зноў чакала позва ў РАУС у справе аб адміністрацыйным правапарушэньні.

23 лістапада Маргарыту ўжо адлічылі.

«Калі я прыйшла на апошнюю пару, каб разьвітацца з групай і куратарам, некаторыя зь дзяўчат плакалі. Казалі, каб я трымалася і не адступала», — прыгадвае суразмоўца.

Загад аб адлічэньні Маргарыце даслалі на яе адрас у Горадні, калі дзяўчына ўжо была за мяжой.

Яна прадчувала, што затрыманьні выльюцца ў адлічэньне, таму загадзя падала заяўку на стыпэндыю Кастуся Каліноўскага. Сёньня яна вучыцца па гэтай праграме ў Варшаве.

«Разумею, што ўсё да лепшага, магу вучыцца ў эўрапейскай краіне, адчуваю сябе больш бясьпечна. Але сумую па радзіме. Вельмі хачу вярнуцца ў новую Беларусь, безь цяперашняй улады. І я ўпэўнена, што неўзабаве наступяць перамены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG