Судзьдзя Ірына Мітраховіч не знайшла прычын прызнаць загад аб адлічэньні студэнтаў незаконным і абавязаць аднавіць іх на вучобе.
17 студэнтаў факультэту культуралёгіі і сацыякультурнай дзейнасьці адлічылі неўзабаве пасьля таго, як 26 кастрычніка, калі быў абвешчаны агульнанацыянальны страйк, на паўгадзіны заняткі былі прыпыненыя. Пазьней 9 зь іх падалі на ўнівэрсытэт у суд, бо палічылі адлічэньне незаконным.
«Нас не было на занятках, можа, хвілін 30-35. На другой пары выйшлі ў фае, там сабраліся чалавек 40. Да нас прыйшла рэктарка, пагутарылі зь ёй, а потым вярнуліся ў аўдыторыю», — расказала Наста. Яна адна з 17 адлічаных студэнтаў і таксама вырашыла паспрабаваць судзіцца з унівэрсытэтам.
Такое ж рашэньне прыняў і студэнт Арцём. Цяпер і ён абураны судовым рашэньнем.
«Нас адлічылі ўжо на наступны дзень, прычым нават не азнаёмілі з гэтым загадам, не папярэдзілі. Тут у судзе сьведка прызнаў, што парадак адлічэньня быў парушаны, але на гэта прадстаўніца ўнівэрсытэту заявіла, што яны выбралі іншую форму загаду, якая не патрабуе шмат фармальнасьцяў», - расказаў Арцём.
Адвакат: Адлічылі найлепшых студэнтаў, закон на іхным баку
Адвакат Сяргей Зікрацкі мяркуе, што студэнтаў адлічылі з парушэньнем заканадаўства і яны маюць усё законныя падставы патрабаваць аднаўленьня.
«Іх адлічылі з фармулёўкай аб „грубым парушэньні правілаў унутранага распарадку“ навучальнай установы. Суд спаслаўся на артыкулы 55, 126 і 128 Кодэксу аб адукацыі, у якіх такой прычыны не прапісана. Там гаворка пра адсутнасьць на занятках цягам 30 дзён ці за сыстэматычныя парушэньні. Нічога гэтага ў маіх кліентаў няма. Лічу, што адлічылі найлепшых студэнтаў, некаторыя зь іх напярэдадні былі пераведзеныя з платнага навучаньня на бюджэтнае. Хіба гэта можна рабіць з сыстэматычнымі парушальнікамі? Закон на іхным баку, і я веру, што перамога магчымая», — лічыць адвакат.
Наста і Арцём, а таксама іхныя сябры, сказалі, што будуць абскарджваць рашэньне Кастрычніцкага суду ў Менскім гарадзкім судзе.
Адлічаныя студэнты спрабуюць наладзіць сваё жыцьцё. Большасьць ужо працуе, некаторыя паступілі ў іншыя ВНУ, але за мяжой. Адна дзяўчына сказала, што спадзяецца на аднаўленьне ў БДУКіМ налета. «Пасьля агульнай перамогі абавязкова аднаўлюся», — сказала дзяўчына пасьля суду.