Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнта, асуджанага 8 разоў, на 114 дзён, адлічылі з ВНУ


Марш у Курапаты, калі затрымалі Яна Салановіча, 1 лістапада 2020.
Марш у Курапаты, калі затрымалі Яна Салановіча, 1 лістапада 2020.

Яна Салановіча, студэнта БДУІР і экс-супрацоўніка навукова-тэхнічнага цэнтру КДБ, якога ў лістападзе-сьнежні 2020 году восем разоў судзілі за ўдзел у нядзельных маршах пратэсту, адлічылі з унівэрсытэту.

Яго сям’я атрымала з ВНУ адпаведны ліст. У дакумэнце напісана, што маладога чалавека адлічылі 12 студзеня за «непасьпяховасьць у трох і больш вучэбных прадметах», піша Tut.by.

«У суботу мы атрымалі ліст з унівэрсытэту, у ім напісана, што сын ня здаў зімнюю сэсію (3 залікі, 5 іспытаў і курсавую), таму яго адлічваюць, — расказала ягоная маці Вольга. — Я пакуль ня ведаю, што рабіць з гэтай інфармацыяй. Думаю, трэба дачакацца Яна. Калі ён вызваліцца, сам павінен вырашыць: хоча вучыцца ў гэтым унівэрсытэце ці не. Тады і будзе нешта вырашаць».

Яна Салановіча затрымалі летась 1 лістапада падчас маршу ў Курапаты. Назаўтра яго асудзілі на 12 дзён арышту, але, адседзеўшы іх, на волю Ян так і ня выйшаў. Як пазьней высьветліў адвакат, падчас разбору малады чалавек паведаміў, што на знак пратэсту выходзіў на вуліцу ад жніўня, і пералічыў 15 эпізодаў.

Агулам прайшло восем судовых пасяджэньняў. Калі скласьці суткі, якія ён атрымаў на ўсіх судах, за кратамі Ян павінен правесьці 114 дзён і выйсьці на волю толькі ў канцы лютага.

За ўвесь гэты час, кажа спадарыня Вольга, сям’я не атрымала ніводнага ліста. Раз-пораз весткі ад Яна прыходзяць празь яго сукамэрнікаў, якія выходзяць на волю. Апошняя была два тыдні таму: патэлефанаваў мужчына і супакоіў, што зь Янам усё добра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG