Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнем студэнта 4-га курсу дзённага аддзяленьня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Яна Салановіча і запатрабавалі неадкладна вызваліць яго з-пад варты. З адпаведнай заявай выступілі 30 лістапада праваабарончыя арганізацыі Беларусі.
Як паведамляе БелаПАН, у дакумэнце адзначаецца, што Салановічу за ўдзел у мірных сходах у агульнай суме прысуджана ўжо 86 сутак адміністрацыйнага арышту, 27 зь якіх ён знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. У праваабаронцаў ёсьць асьцярогі, што Салановіч можа быць арыштаваны на яшчэ большыя тэрміны.
Яна Салановіча затрымалі 1 лістапада на мірным маршы ў Курапаты. Паводле маці арыштаванага, у Партызанскім РУУС на допыце ён прызнаўся ў 15 эпізодах удзелу ў мітынгах.
З таго часу Ян на Акрэсьціна, а судзьдзі дадаюць яму новыя і новыя тэрміны арышту. Вядома ўжо пра шэсьць такіх прысудаў агулам на 86 дзён арышту.
Маці лічыць, што ў справах няма ніякіх доказаў, апроч прызнаньня сына.