Словы Навальнага былі апублікаваныя ў аўторак увечары на старонцы палітыка ў Інстаграме.
У звароце апазыцыянэр распавёў пра ўмовы свайго ўтрыманьня — «невялікая каманда, акно, жалезны ложак», падкрэсьліўшы ў чарговы раз, што не шкадуе аб тым, што вярнуўся ў Расею.
«Інакш я паступіць ня мог, і ў гэтым няма ні патасу, ні ахвярнасьці, ні фаталізму — цалкам рацыянальны выбар», — адзначыў Навальны, дадаўшы, што адмаўляецца мірыцца з беззаконьнем у Расеі і «маўчаць, слухаючы бессаромны падман Пуціна і яго сяброў, якія загразьлі ў карупцыі».
У канцы Навальны заявіў, што адзіныя, каго баіцца ўлада — гэта тыя, хто «змагаецца як можа». Палітык заклікаў далучацца да такіх людзей.
Некалькімі гадзінамі раней сакратар Грамадзкай назіральнай камісіі Масквы Аляксей Мельнікаў паведаміў, што наведаў Навальнага ў СІЗА. Са словаў Мельнікава, апазыцыянэр зьмяшчаецца адзін у камэры на трох чалавек, паколькі пасьля прыбыцьця з-за мяжы павінен прайсьці двухтыднёвы карантын.
У камэры ёсьць лядоўны, электрычны імбрык, тэлевізар і гарачая вада. «Аляксей Анатольевіч сказаў камісіі, што ён рады зноў апынуцца на Радзіме і падзякаваў за падтрымку. Навальны сказаў, што з боку супрацоўнікаў установы маральнага і фізычнага ціску на яго не аказваецца », — напісаў Мельнікаў у сваім Телеграм-канале.
У СІЗА Навальны павінен прабыць да суду аб замене яму ўмоўнага тэрміну на рэальны паводле прысуду, які быў вынесены ў 2014 годзе па справе «Іў Рашэ».
Пасяджэньне прызначанае на 2 лютага. Дзесяткі краін запатрабавалі неадкладнага вызваленьня Навальнага. Штаб палітыка абвясьціў аб маштабных акцыях пратэсту па ўсёй Расеі 23 студзеня.