Лінкі ўнівэрсальнага доступу

160 гадоў зьняволеньня і 1,5 мільёна рублёў штрафаў. Беларускія суды ў лічбах


Суд Чыгуначнага раёну Гомля разглядае крымінальную справу пра «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненьні міліцыі». Абвінавачаныя – трое жыхароў Гомля, Гомельскага раёну і Добрушу (Мікіта Залатароў, Леанід Кавалёў і Дзьмітры Карнееў). 18 студзеня 2021 году.
Суд Чыгуначнага раёну Гомля разглядае крымінальную справу пра «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненьні міліцыі». Абвінавачаныя – трое жыхароў Гомля, Гомельскага раёну і Добрушу (Мікіта Залатароў, Леанід Кавалёў і Дзьмітры Карнееў). 18 студзеня 2021 году.

Ад часу выбараў у Беларусі арыштавалі больш за 32 тысячы чалавек.

Праваабаронцы прааналізавалі судовыя выракі 9350 чалавек. Што кажуць лічбы аб працы беларускіх судоў?

Адміністрацыйны перасьлед

Суды па адміністрацыйных справах пасьля выбараў.
Суды па адміністрацыйных справах пасьля выбараў.

Праваабаронцы прааналізавалі дадзеныя па 9350 судовых справах са жніўня па студзень. З гэтага ліку 4,5 тысячы чалавек у беларускіх судах атрымалі суткі, агулам гэта 58 517 сутак, або 160 гадоў зьняволеньня.

Штрафы атрымалі 3,2 тысячы чалавек, на ўсіх гэта 58 тысяч базавых велічыняў, або 1,5 мільёна ў беларускіх рублях.

Сярод асуджаных па адміністрацыйных артыкулах 77% — мужчыны і 19,4% — жанчыны.

92% затрыманых асуджаныя па артыкуле 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых сходаў). 7% асуджаныя па артыкуле 23.4 — непадпарадкаваньне распараджэньню службовай асобы.

Найбольш судоў праваабаронцы зафіксавалі ў Менску (6350), Жодзіне (1428), Магілёве (352).

Адзін з рэкардсмэнаў — судзьдзя Першамайскага суда Менску Максім Трусевіч. За палітычную кампанію 2020 году ён прысудзіў людзям 5,5 года па адміністрацыйных справах і наштрафаваў на 37 тысяч рублёў. За адзін дзень ён мог выносіць па 27 прысудаў.

Найбольш сутак прысудзілі студэнту 4-га курсу БДУІР Яну Салановічу. Па стане на 15 сьнежня мінулага году агулам яму прысудзілі 115 сутак. Хлопца затрымалі 1 лістапада падчас мірнага шэсьця.

Крымінальны перасьлед

Суды па крымінальных справах пасьля выбараў.
Суды па крымінальных справах пасьля выбараў.

Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцам вядома больш як пра 1000 крымінальных спраў. У 2020 годзе суды Беларусі пасьпелі вынесьці рашэньні па 103 крымінальных справах. Самыя распаўсюджаныя сярод іх — крымінальны артыкул 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). А таксама 363 артыкул (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і 342 артыкул (арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак).

Самае жорсткае пакараньне, якое вынес суд у мінулым годзе, — гэта 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму для Ўладзімера Гароха. Гэтая справа за беспарадкі, якія нібыта рыхтаваліся ў Наваградку і іншых раёнах Гарадзенскай вобласьці. Уладзімер Гарох прызнаны палітвязьнем.

У іншых выпадках людзей каралі пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 1 да 5 гадоў. Найбольш прысудаў было ў Менску (40), Гарадзенскай і Гомельскай абласьцях (па 13).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG