«Вядома ж, я патрабую неадкладна вызваліць спадара Навальнага. Фэдэральны ўрад лічыць, што гэта было б правільным. І гэта трэба зрабіць тэрмінова», — адказала Мэркель на пытаньне «Нямецкай хвалі» на прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне.
Аляксей Навальны ў жніўні быў атручаны ў Расеі забароненым баявым атрутным рэчывам клясы «Навічок». Затым яго перавезьлі на лячэньне ў Нямеччыну. Пасьля курсу рэабілітацыі ён 17 студзеня вярнуўся ў Расею і адразу ж быў затрыманы, а затым арыштаваны на 30 сутак. Прадстаўнікі Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў заявілі, што апазыцыянэр быў у вышуку за парушэньне ўмоўнага тэрміну пакараньня па справе «Іў Рашэ».
Навальны абвінавачвае ў спробе свайго забойства прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і Фэдэральную службу бясьпекі (ФСБ). Больш за 50 краін — удзельніц Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) заклікалі Расею расьсьледаваць атручваньне палітыка.
Журналісты Bellingcat і The Insider апублікавалі расьсьледаваньне аб групе магчымых супрацоўнікаў ФСБ, якія, як мяркуецца, маюць дачыненьне да атручваньня. Улады РФ адмаўляюць усе абвінавачаньні. ЭЗ і Вялікая Брытанія ўвялі санкцыі за атручэньне Навальнага.