Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падтрымліваў пратэсты і Ціханоўскую. 5 пытаньняў і адказаў пра Навальнага і Беларусь


Аляксей Навальны на судзе ў паліцэйскім пастарунку ў Маскве 18 студзеня
Аляксей Навальны на судзе ў паліцэйскім пастарунку ў Маскве 18 студзеня

17 студзеня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, калі ён прыляцеў у Маскву, арыштавалі. 18 студзеня яго арыштавалі на 30 дзён. Многія беларусы выказваліся ў яго падтрымку. А як Навальны ставіцца да беларусаў, разьбіраемся.

Навальны ня любіць беларускую мову?

У далёкім 2008 годзе Аляксей Навальны, тады яшчэ малады блогер, прыехаў у Беларусь і пасьля выказаўся пра гэта ў сваім акаўнце «Жывога журналу». Тады гэта быў папулярны сродак камунікацыі.

«Беларуская мова — гэта нешта чароўнае: „рэстаран“. Нібыта пісьмовасьць прыдумалі хачыкі, якія аб’ядналіся з падонкамі», — напісаў Аляксей Навальны ў сваім Жывым журнале 20 чэрвеня 2008 году.

На Аляксея Навальнага тады пакрыўдзіліся многія беларусы, пост быў выдалены. Зрэшты, «падонкі» у дадзеным кантэксьце — адсылка да папулярнай тады жартаўлівай манеры пісаць насуперак прынятай артаграфіі. Гэтая манера звалася «язык падонкаф». Напрыклад: «аффтар жжот, пешы исчо». Менавіта гэта і мелася на ўвазе.

Варта адзначыць, што Навальны тады і цяпер — фігуры розныя. Малады блогер пісаў для сваіх, а палітык, вядомы ва ўсім сьвеце, такога б проста не напісаў.

У тым жа посьце Аляксей Навальны падкрэсьліваў, што беларусы «ніколі не аб’яднаюцца з расейцамі».

Як Навальны паставіўся да пратэстаў у Беларусі?

Ад чэрвеня Аляксей Навальны камэнтуе падзеі ў Беларусі. Ужо тады ён назваў сытуацыю ў Беларусі «месівам». І нават прыгадаў, як выпадкова сустрэў у Маскве Сяргея Ціханоўскага.

«Падыходзіць нейкі мужык на вуліцы, я ўжо ня памятаю, кудысьці іду. Кажа: „Вітаю, я зь Беларусі (ну, даволі часта падыходзяць людзі зь Беларусі), я вось там вас гляджу, я буду балятавацца ў прэзыдэнты“», — прыгадваў Навальны ў адным са сваіх відэа.

У жніўні Аляксей Навальны пералічваў грошы ў Беларускі фонд салідарнасьці і заклікаў рабіць гэта іншых. Гэта адбылося пасьля таго, як Лукашэнка абвінаваціў Навальнага ў датычнасьці да пратэстаў у Беларусі. Агулам палітык пералічыў 10 тысяч расейскіх рублёў, каля 136 даляраў па тагачасным курсе.

Ён актыўна падтрымліваў і падбадзёрваў пратэстоўцаў у Беларусі ад чэрвеня і да цяперашняга часу. Палітык прызнаваўся, што «не чакаў такіх доўгіх пратэстаў у Беларусі».

Што Навальны думае пра Лукашэнку?

Аляксандру Лукашэнку Аляксей Навальны яшчэ ў лістападзе прапаноўваў «атрымаць гарантыі ад беларускай апазыцыі», «правесьці новыя выбары» і «адрэзаць сабе 20 кілямэтраў у Белавескай пушчы, каб там жыць».

Палітычны лад Беларусі Навальны называў дыктатурай яшчэ ў 2008 годзе.

А што зь беларускай незалежнасьцю?

Аляксей Навальны ў 2019 годзе некалькі разоў заяўляў, што Расея можа праглынуць Беларусь, каб Уладзімір Пуцін застаўся ва ўладзе і быў ужо не прэзыдэнтам Расеі, а прэзыдэнтам Саюзнай дзяржавы. Такога варыянту пакуль ня здарылася, а сваю асабістую пазыцыю Навальны выказваў вельмі акуратна: «Давайце пакінем як ёсьць».

«Я ведаю, што само слова „інтэграцыя“ палохае, але ў прынцыпе нам ня трэба нічога выдумляць у пляне ўзаемаадносін Расеі і Беларусі. Выдатныя адносіны, міжнародны гандаль, усе задаволеныя і шчасьлівыя, проста ня трэба рабіць нічога, і ўсё будзе добра», — казаў Навальны.

Як Навальны ставіцца да Сьвятланы Ціханоўскай і іншых дэмакратычных лідэраў Беларусі?

Сьвятлана Ціханоўская, на думку Аляксея Навальнага, «ня робіць буйных палітычных памылак, а робіць усё магчымае». З сымпатыяй да Ціханоўскай Навальны выказваўся яшчэ пасьля аб’яднаньня штабоў улетку, калі ўзьнік трыюмвірат Ціханоўскай, Калесьнікавай і Цапкалы. Палітык называў іх «мужнымі жанчынамі, якія робяць мужныя ўчынкі».

Лідэры беларускай апазыцыі таксама выказаліся ў падтрымку Аляксея Навальнага пасьля ягонага затрыманьня ў Маскве. Словы падтрымкі агучылі Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG