Калегія Вярхоўнага суду адхіліла апэляцыйную скаргу старшыні страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна на рашэньне Менскага абласнога суду, які ў верасьні прызнаў страйк на прадпрыемстве незаконным. Пазоў тады быў выстаўлены да Анатоля Бокуна, але разгляд адбыўся безь яго, бо шахтар адбываў адміністрацыйны арышт у любанскім ізалятары. Бокун сьцвярджае, што яго належным чынам аб працэсе ў Менскім абласным судзе не папярэдзілі.
«Позву мне не перадалі, а тое, што прыяжджаў прадстаўнік пракуратуры і прапаноўваў паглядзець справу, дык я пагадзіўся на гэта, але ў прысутнасьці адваката. Які сэнс вывучаць дакумэнты, у якіх без дапамогі юрыста не разабрацца? Але адваката не прапусьцілі», — даводзіў Вярхоўнаму суду Анатоль Бокун.
Між тым, на думку прадстаўніка пракуратуры Ўладзімера Ляўданскага, тое, што пазваны адмовіўся вывучаць справу, не азначае,што ён ня быў «належным чынам пра суд праінфармаваны». Паводле пракурора, у тлумачэньні, якое Бокун даваў у ізалятары, ён нічога пра адваката не ўказаў, проста адмовіўся чытаць дакумэнты, а паводле закону гэта азначае, што яго праінфармавалі пра суд «належным чынам».
Каб разабрацца ў сытуацыі, Бокун прасіў калегію Вярхоўнага суду выклікаць на працэс і заслухаць супрацоўніка пракуратуры спадара Пастухова, які сустракаўся зь ім у любанскім ізалятары, але калегія хадайніцтва адхіліла. Якія яшчэ абставіны справы вывучаў суд?
Бокун прасіў выклікаць у суд Лукашэнку
Паводле юрысконсульта «Беларуськалію» Андрэя Кісялёва, у страйку на прадпрыемстве 17 і 18 жніўня бралі ўдзел 120 чалавек. Юрыст спаслаўся на зьвесткі з працоўнага табэля, дзе відаць колькасьць тых, хто не прыйшлі на працу. Калі была агучана гэтая лічба, у судовай зале дружна засьмяяліся. Старшыня на працэсе Натальля Андрэева нават папярэдзіла слухачоў, што будзе выдаляць з залі тых, хто парушае парадак.
Анатоль Бокун з такой лічбай таксама не пагадзіўся. Паводле старшыні страйкаму «Беларуськалію», у страйку 17 і 18 жніўня ў рознай форме бралі ўдзел больш за 6 тысяч чалавек. Гэта тыя, хто падпісаў патрабаваньні аб адстаўцы Лукашэнкі і новых выбарах, хто выходзіў на мітынгі і не спускаўся ў шахту, даводзіў шахтар.
Паводле Бокуна, толькі жорсткія рэпрэсіі адміністрацыі і ўладаў спынілі масавы страйк шахтароў «Беларуськалію». Але такі ціск супярэчыць праву працоўных на страйк, гарантаванаму Канстытуцыяй. Анатоль Бокун заявіў хадайніцтва, каб суд выклікаў на працэс у якасьці адмыслоўца Аляксандра Лукашэнку. Маўляў, той жа кажа, што ён гарант Канстытуцыі, дык хай ацэніць тое, што асноўны закон парушаецца і суд гэта ўхваляе, тлумачыў Анатоль Бокун.
Другі ўдзельнік працэсу з боку страйкаму, былы сустаршыня страйкаму Сяргей Чаркас гэтае хадайніцтва Бокуна падтрымаў. Але судовая калегія Вярхоўнага суду адмовілася выклікаць у суд Аляксандра Лукашэнку. «Паколькі суд ня мае неабходнасьці атрымліваць тлумачэньні», — абвясьціла старшыня.
Судовыя спрэчкі: «У вас ёсьць магчымасьць гэта спыніць»
Анатоль Бокун падчас судовых спрэчак спрабаваў апэляваць да сумленьня судзьдзяў. Шахтар казаў пра факты беззаконьня, якія адбываюцца на вуліцах беларускіх гарадоў, пра тое, што людзей хапаюць і «нават забіваюць», і заклікаў судзьдзяў «зрабіць хоць нешта», каб гэта спыніць.
Пракурор Уладзімер Ляўданскі ў спрэчках зноў даводзіў, што Анатоля Бокуна законным чынам праінфармавалі аб працэсе ў Менскім абласным судзе. Што да страйку на «Беларуськаліі», пракурор ацаніў яго як незаконны, бо «быў парушаны парадак урэгуляваньня працоўных спрэчак». Паводле пракурора, шахтары не правялі агульнага сходу, а палітычныя патрабаваньні, якія яны выстаўлялі, супярэчаць закону аб страйках.
Праз дзьве гадзіны, як быў абвешчаны перапынак на прыняцьце судовага рашэньня, калегія Вярхоўнага суду агучыла сваю пастанову: скаргу Анатоля Бокуна судзьдзі адхілілі, рашэньне Менскага абласнога суду аб прызнаньні страйку шахтароў «Беларуськалію» незаконным застаецца ў сіле.
На разгляд апэляцыйнай скаргі Анатоля Бокуна ў Вярхоўны суд прыйшло больш за дваццаць чалавек, у тым ліку з Салігорску прыехалі каля 10 шахтароў-страйкоўцаў. Большасьць зь іх на працэс пусьцілі. На працэс Анатоль Бокун надзеў белую кашулю і чырвоны гальштук.