Мужчыну затрымалі яшчэ 22 лістапада. Зь яго словаў, у той дзень ён чакаў дастаўкі каля падʼезда. Калі зайшоў у падʼезд, за ім уварвалася група мужчын у цывільным: яны пачалі біць Дзьмітрыя па галаве і тулаве, а пасьля выцягнулі на вуліцу і надзелі сьцяжкі, паведамляе тэлеграм-канал «Вясна назірае».
Дзьмітрыя затрымалі, прывезьлі ў Першамайскі РУУС Менску. Там зьнялі сьцяжкі, якія яму зацягнулі так, што рукі пачалі сыходзіць крывёй. Толькі каля ночы мужчыне выклікалі хуткую і даставілі ў цяжкім стане ў бальніцу, дзе паставілі дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом тваравай косткі.
У Дзьмітрыя сурʼёзнае захворваньне, яго стан пагоршыўся ў выніку траўмаў, таму ён часова не працуе.
З прычыны памылак у пратаколе судзьдзя Максім Трусевіч накіраваў справу на дапрацоўку.