Міністар падаткаў і збораў Беларусі Сяргей Налівайка ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» патлумачыў, чаму было прынята рашэньне падвысіць стаўкі падаходнага падатку для работнікаў кампаній – рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій з 9% да 13%.
Ён кажа, што гэта хутчэй «пытаньні сацыяльнай справядлівасьці і сацыяльнай адказнасьці», чым магчымасьць адшукаць дадатковыя паступленьні ў бюджэт.
«Мы проста прывялі ў адпаведнасьць тыя стаўкі падатку, якія ёсьць у работніка сельскай гаспадаркі, работніка прамысловасьці, бюджэтнай сфэры — і вось гэтай катэгорыі работнікаў. З пункту гледжаньня дадатковых паступленьняў у бюджэт гэта абсалютна ня тыя лічбы, якія ўплываюць на агульнае яго напаўненьне — на мой погляд, гэта значна больш важныя пытаньні сацыяльнай справядлівасьці і сацыяльнай адказнасьці», — заявіў Сяргей Налівайка.
Усяго ў Беларусі за мінулы год выплацілі больш за 27 млрд рублёў падаткаў, паведаміў Налівайка. Падаткі, паводле яго, — гэта каля 70% напаўненьня бюджэту.
З 1 студзеня падвысілі стаўкі падаходнага падатку для работнікаў кампаній – рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій з 9% да 13% для «кансалідацыі даходаў бюджэту для барацьбы з COVID-19».
Міністар фінансаў Юрый Селіверстаў, камэнтуючы падатковыя новаўвядзеньні 2021-га, раней заяўляў, што павышэньне ставак — часовы захад, бо «ніхто не абяцаў каранавірусу» і дзяржаве спатрэбіліся дадатковыя выдаткі, прычым сур’ёзныя, на сыстэму аховы здароўя.
З новага году ўлады Беларусі пайшлі на непапулярны крок — павышэньне некаторых падаткаў як для фізычных, так і для юрыдычных асобаў.