Ад 1 студзеня падняліся стаўкі падатку на даданую вартасьць на ўвоз і продаж лекаў і мэдычных вырабаў. Тавар, які ўвозяць у краіну, з гэтага месяца павінен абкладацца ПДВ у 10%, а цэны на ўвезеныя да гэтага году лекі і вырабы перагледзяць да 1 лютага, піша Tut.by.
Удзельнікі рынку кажуць, што падаражэе большасьць лекаў і мэдыцынскіх вырабаў.
Павышэньне стаўкі ПДВ з 10% да 20% адбудзецца ў тым ліку і на некаторыя дзіцячыя тавары аптэчнага асартымэнту. Прынятыя зьмяненьні ў Падатковы кодэкс прадугледзелі магчымасьць для розьнічных аптэчных сетак распрадаць закупленыя да студзеня тавары без прымяненьня ПДВ да 1 лютага.
Як адзначылі ў прэс-службе «Аптека групп», цэны на лекавыя тавары і мэдычныя вырабы ў Беларусі фармуюцца на падставе ўказу № 366. Ён абмяжоўвае прымяненьне аптовых і розьнічных надбавак па рэгрэсіўнай шкале — чым вышэй адпускная цана, тым ніжэй павінна быць надбаўка.
Тым, у каго хранічныя захворваньні і трэба ўвесь час прымаць лекі, «ёсьць сэнс закупіцца імі ў студзені па старых коштах».
Стаўка ПДВ вырасла да 20%:
- сыравіну і матэрыялы для вырабу лекавых сродкаў
- камплектуючыя вырабы для вытворчасьці лекавых сродкаў
- паўфабрыкаты да мэдычных вырабаў.
Па ўсіх трох пазыцыях павышэньні дзейнічаюць таксама і для пратэзна-артапэдычных вырабаў.
Раней гэтыя пазыцыі вызвалялі ад ПДВ пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі. Як зазначаюць у аптэчных сетках, павышэньне падаткаў можа адбіцца на цэнах на беларускія лекі і мэдычныя вырабы, у якіх выкарыстоўваюць імпартаваную сыравіну.
Удзельнікі рынку прагназуюць, што вырастуць таксама кошты і на паслугі мэдцэнтраў. Перадусім на тыя паслугі, пры якіх выкарыстоўваюць імпартаваныя лекі і вырабы. У дадатак можа вырасьці і кошт платных аналізаў і абсьледаваньняў, бо зьмена падатку закранула дыягнастычныя і лябараторныя рэагенты, якія ўвозяцца з-за мяжы.