«Арышт Аляксея Навальнага — яшчэ адно сьведчаньне таго, што расейскія ўлады спрабуюць прымусіць яго замаўчаць. Яго затрыманьне толькі падкрэсьлівае неабходнасьць расьсьледаваньня ягоных сьцьвярджэньняў аб тым, што ён быў атручаны дзяржаўнымі агентамі паводле загадаў, якія аддаваліся на найвышэйшым ўзроўні», — сказала Наталья Зьвягіна, дырэктар маскоўскага офісу Amnesty International.
Расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, які прыляцеў з Бэрліну ў Маскву, затрымалі на пашпартным кантролі ў аэрапорце Шарамецьцева ў Маскве.
Навальнаму не паставілі штамп у пашпарт. Дэ-юрэ ён не перасек мяжу.
⠀
Перад гэтым ён заявіў журналістам:
⠀
«Я цалкам шчасьлівы, што прыляцеў, і гэта найлепшы дзень за апошніх пяць месяцаў… Нягледзячы на тое, што Нямеччына — клясная краіна. Тут мой дом. Я нічога не баюся, я ведаю, што прайду пашпартны кантроль і паеду дадому. Я ведаю, што я маю рацыю. Я ведаю, што крымінальныя справы супраць мяне сфабрыкаваныя».
Самалёт з Навальным, які меўся прызямліцца ў аэрапорце Ўнукава ў Маскве, насамрэч прызямліўся ў аэрапорце Шарамецьцева.
- 20 жніўня 2020 Навальнаму стала дрэнна на борце самалёта, які вылецеў з Томску ў Маскву. Ён страціў прытомнасьць, пасьля чаго экіпаж зьдзейсьніў экстраную пасадку ў аэрапорце Омску.
- Сваякі і паплечнікі Навальнага патрабавалі дазволіць яго адпраўку на лячэньне за мяжу. Навальны апынуўся ў Нямеччыне: улады краіны заявілі, што ён быў атручаны баявым рэчывам групы «Новичок». Прыблізна празь месяц пасьля атручэньня апазыцыянэра выпісалі.
- Навальнага не было ў Расеі больш за чатыры месяцы — на падставе гэтага Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў абвінаваціла яго ва ўхіленьні ад абавязкаў умоўна асуджанага ў справе «Іў Рашэ» і запатрабавала замяніць умоўны тэрмін на рэальны.