Кандыдат навук, дацэнт Вадзім Мажэйка выкладаў у БДУФК гуманітарныя дысцыпліны, кіраваў дыплёмнымі работамі і магістарскімі дысэртацыямі. Сярод іншага ў сваім відэазвароце выкладчык адзначыў, што адзін з імаверных удзельнікаў выкраданьня і забойства Рамана Бандарэнкі скончыў унівэрсытэт, які Мажэйка вырашыў пакінуць.
Сярод матываў свайго сыходу Вадзім Мажэйка назваў немагчымасьць працаваць у дзяржаўнай арганізацыі, якая стала часткай «мэханізму падначаленьня і рэпрэсій».
«Адміністрацыя і сілавікі спрабуюць нас запалохаць, але на самай справе ім самім страшна. Страшна ад таго, што яны ўжо нарабілі, і ад таго, як прачнуўся беларускі народ. Сёньня ўсім відавочна, на чыім баку праўда, а хто хлусы і злачынцы».
Ён назваў непрымальнай прысутнасьць сілавікоў у будынках ВНУ, затрыманьні студэнтаў у калідорах і іншыя дзеяньні дзяржаўных органаў ва ўнівэрсытэтах супраць вольнага выказваньня пазыцыі выкладчыкамі і студэнтамі.
Мажэйка заявіў, што, хоць цяпер пакідае выкладчыцкую практыку ў БДУФК, але плянуе вярнуцца да яе, каб вучыць студэнтаў «у новай, свабоднай Беларусі».
Таксама Вадзім Мажэйка — палітычны аналітык, сябра рады «Лібэральнага клюбу».
БДУФК — адна з ВНУ, дзе праходзілі акцыі пратэсту супраць звальненьняў і арыштаў студэнтаў і выкладчыкаў за палітычную пазыцыю. Актыўныя студэнты заснавалі сваю ўнутраную газэту «Салідарнасьць БДУФК», у якой расказвалі ўсім супрацоўнікам унівэрсытэту, студэнтам і выкладчыкам пра звольненых ці арыштаваных калег. У прыватнасьці, за свае погляды пацярпеў малады трэнэр з унівэрсытэту Сяргей Шабанаў.