Факт звальненьня Ўладзімер Лук’яненка пацьвердзіў, паведаміўшы, што наогул пакінуў сыстэму адукацыі.
«Не працуе з 28 сьнежня. Дачакаўся сэсіі, не хацеў нас кідаць, а калі мы здалі ўсе іспыты, звольніўся», — расказалі ягоныя студэнты Tut.by.
Кандыдат фізыка-матэматычных навук, дацэнт Лук’яненка ў ГДТУ ім Сухога працаваў амаль 10 гадоў, прычым 6 зь іх быў намесьнікам дэкана факультэту аўтаматызаваных і інфармацыйных сыстэмаў. Затым стаў дэканам, але празь сем месяцаў яго пазбавілі пасады за салідарнасьць з навучэнцамі. Ён не адрэагаваў на ліст больш высокага начальства з просьбай «прафіляктычнай работы» са сьпісам выкладчыкаў, супрацоўнікаў ВНУ і студэнтаў, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту супраць Лукашэнкі.
Спачатку Лук’яненку прымусілі падпісаць заяву аб пераводзе з пасады дэкана ў дацэнты катэдры, а ў канцы сьнежня яшчэ адну — на звальненьне з унівэрсытэту.