У ягоным пашпарце ўжо стаіць адзнака аддзелу грамадзянства і міграцыі Баранавіцкага ГАУС, што ён павінен пакінуць Рэспубліку Беларусь да 25 сьнежня 2020 году. Яму забаранілі ўезд у краіну на тры гады, да 25 сьнежня 2023 году. Алегу Малашчанку паведамілі, што прынята рашэньне «аб высылцы ў добраахвотным парадку з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах грамадзкага парадку».
«Гэта адзіная краіна, дзе рашэньне аб дэпартацыі-высылцы прымаюць міліцыянты, а ня суд, — сказаў Свабодзе Алег Малашчанка. — І тое, што ўзбрыдзе ім у галаву, тое і адбудзецца. У мяне ж быў суд паводле артыкулу 23.34 і штраф 25 базавых, яны і гэта прыплялі, за ўдзел у акцыях. Яны знайшлі ўсё за гады майго знаходжаньня. Але на гэтай падставе можна каго заўгодна выкінуць з краіны». Алег Малашчанка быў у намётавым мястэчку 2006 году і на Плошчы 2010-га. Ён кажа, што толькі цяпер паступіла каманда «выкінуць найбольш актыўных».
«На сустрэчы капітан наогул нейкае глупства плёў, некуды тэлефанаваў, казаў: „Вязі мне фатаздымкі, што яны там ходзяць кожную нядзелю“. Я кажу, на якой падставе вы яшчэ нейкія фатаздымкі да гэтага прыкладаць зьбіраецеся? Карацей, нейкая дурасьць».
Алег Малашчанка за трое сутак да даты выезду зь Беларусі павінен праінфармаваць пра гэта Баранавіцкі ГАУС. У адваротным выпадку яму могуць адмовіць у разавым уезьдзе ў Беларусь, у скарачэньні трохгадовага тэрміну забароны на ўезд і ў выключэньні са сьпісу асобаў, уезд якіх у Беларусь забаронены ці непажаданы. Алега Малашчанку таксама папярэдзілі, што за незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы і парушэньне тэрміну забароны ўезду яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці паводле ч. 2 артыкулу 371 Крымінальнага кодэксу.
«Мужу далі найбольшы штраф — 25 базавых»
Жонка Алега Малашчанкі Тацяна сказала Свабодзе, што прычынай высылкі зьяўляецца ўдзел яе мужа ў акцыях пратэсту супраць гвалту, якія пачаліся ў жніўні таксама, падчас абедзеннага перапынку на авіярамонтным заводзе. Работнікі заводу яшчэ і пісалі супольную заяву аб сытуацыі ў краіне.
«Пасьля гэтага пачаўся ціск, завялі адміністрацыйныя справы на 24 чалавекі. Частку людзей папярэдзілі, а бальшыню аштрафавалі. Мужу далі найбольшы штраф — 25 базавых — як завадатару, — кажа Тацяна. — 11 верасьня на завод у працоўны час прыйшлі міліцыянты, якія апыталі падпісантаў заявы. Алег спрабаваў гэта зьняць на відэа і абураўся такімі дзеяньнямі. Пасьля яму патлумачылі, што гэта пракурорская праверка. А калі ён прыйшоў дахаты ў той дзень, да нас супрацоўнікі міліцыі спрабавалі прарвацца, я думаю, з мэтай напалохаць. Але кожныя выходныя мы выходзілі і падтрымлівалі людзей у горадзе. Алега вырашылі выслаць з краіны як актыўнага чалавека».
Міліцыянт уручыў Алегу Малашчанку позву ў аддзел міграцыі на заводзе.
«Гэта было ў аддзеле кадраў. Пасьля гэтага начальнік цэха Алегу сказаў, што яго ўсё роўна звольняць, і прапанаваў зрабіць гэта са згоды бакоў. Але муж адмовіўся ад такой прапановы, бо ў яго падпісаны кантракт да 2023 году. У выніку яму дазволілі папрацаваць да 25 сьнежня, да апошняга дня перад высылкай», — кажа Тацяна.
У Алега Малашчанка грамадзянства расейскае, хоць ён украінец, нарадзіўся ва Ўкраіне, а пасьля бацькі пераехалі ў Баранавічы. Вайсковую службу Алег праходзіў у Расеі, яго спэцыяльнасьць даволі дэфіцытная, ён авіяцыйны тэхнік.
«Як толькі атрымалася мінімальная пэнсія, ён звольніўся. У іх быў прыняты закон, каб усім вайскоўцам даць расейскія пашпарты. Там мы звольніліся і пераехалі ў Баранавічы. З Расеяй нас даўно нічога не зьвязвае», — сказала Тацяна.
«Мы ня едзем усёй сям’ёй»
Тацяна Малашачанка доўгія гады змагалася за беларускамоўную адукацыю для дзяцей і дамаглася адкрыцьця ў Баранавічах беларускіх клясаў, дзе і вучацца дзеці. У сям’і трое дзяцей, старэйшая дачка Малашчанкаў ня першы год працуе ў Польшчы.
«Мы ня едзем усёй сям’ёй, бо дзеці вучацца ў гімназіі і ня хочуць яе пакідаць, яны ў мяне беларускі. Адна ўжо ў 11-й клясе, а меншая ў беларускамоўнай трэцяй клясе. Таму мы ня хочам і ня будзем зьяжджаць. Мы вырашылі, што ён паедзе пакуль што адзін, хаця б дзеля таго, каб у яго была нармальная сталая праца. Можа, яму ўдасца неяк перасылаць нам грошы».
Сям’я жыве ў Баранавічах разам з маці Алега, якой 85 гадоў. Яна кепска бачыць, праз эпідэмію ёй адмянілі плянавую апэрацыю.
«Яна, можа, яго больш ня ўбачыць», — кажа Тацяна.
Алегу ўжо знайшлі працу ў Польшчы, Тацяна лічыць, гэта бліжэй і зручней. Тым больш што там жыве старэйшая дачка.
«Я думаю, што праца будзе больш высокааплатнай, бо нас шмат, а я сама не працую. Таму, як толькі ўсё вырашыцца, трэба хутчэй зьяжджаць ды і ўсё. Але абскарджваць рашэньне аб высылцы мы, відаць, будзем, бо паспрачацца хочацца».