25 лістапада Алег Малашчанка ў аддзяленьні па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС атрымаў пастанову аб неабходнасьці пакінуць краіну цягам месяца. Але 1 сьнежня ён даслаў апэляцыйную скаргу на гэтае рашэньне ў Берасьцейскі абласны суд, піша Intex-press.
Паводле слоў Малашчанкі, адказу на сваю скаргу ён не атрымаў і дасюль. Днём 29 сьнежня міліцыя затрымала Алега на працоўным месцы на авіязаводзе і адправіла ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён будзе чакаць дэпартацыі.
«Мне патэлефанавалі з ІЧУ і сказалі, каб я сабрала яго дакумэнты і рэчы, таму што 30 сьнежня Алега гвалтоўна дэпартуюць зь Беларусі ў Расею. Спрабую зьвязацца з адвакатамі. Спадзяюся, нам дадуць зь ім убачыцца, бо дзеці ў шоку, я таксама. Лічу яго высылку незаконнай, пакуль мы не атрымаем адказ зь Берасьця», — сказала жонка Малашчанкі Тацяна.
Таксама яна адзначыла, што ўлады «парушаюць свае ж законы».
Алег Малашчанка нарадзіўся ў Баранавічах, потым праходзіў вайсковую службу ў Расеі, аўтаматычна атрымаўшы яе грамадзянства. З 2004 году стала жыве ў родных Баранавічах зь сям’ёй. Акрамя дваіх непаўналетніх дзяцей і жонкі, у яго ў Баранавічах жыве і 85-гадовая маці.
Сям’я Малашчанкаў удзельнічала ў шэрагу нацыянальных праектаў у Баранавічах, дамаглася адкрыцьця беларускамоўнай клясы ў горадзе. Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў улады палічылі Алега Малашчанку адным з завадатараў страйку на «558 авіярамонтным заводзе».