Тэкст адказу заўзятар даслаў у рэдакцыю Tribuna.com:
«Мы, у ŠKODA AUTO, вялікія прыхільнікі хакею. Мы зьяўляемся партнэрам чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай IIHF вось ужо 28 гадоў запар. Урэшце выбар месца правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай заўсёды застаецца за IIHF, якая зьяўляецца незалежнай арганізацыяй і якая, як мы чакаем, бліжэйшым часам прыме яснае і мудрае рашэньне, улічваючы цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі. Мы ўважліва і з трывогай сочым за апошнімі падзеямі ў Беларусі. Давайце растлумачым адну рэч: ŠKODA сур’ёзна ставіцца да сваіх карпаратыўных абавязаньняў у галіне правоў чалавека і выступае за адкрытае ўзаемадзеяньне, заснаванае на роўнасьці. Мы паважаем, абараняем і прасоўваем усе дзеючыя нарматыўныя акты па абароне правоў чалавека як фундамэнтальнага і агульнага патрабаваньня ва ўсім сьвеце — сёньня і ў будучыні», — адказалі ў Škoda.
Чакаецца, што ў канцы студзеня рада IIHF павінна прыняць рашэньне з нагоды магчымай адмены ЧС-2021 у менскай частцы. Раней паведамлялася, што Данія гатовая прыняць ЧС замест Беларусі і ўжо накіравала адпаведную заяўку ў IIHF.