Сапраўднасьць дакумэнту, як падкрэсьлівае тэлеграм-канал НАК, пацьвярджаецца прадстаўленымі тэзісамі, якія Лукашэнка і Фазэль выкарыстоўвалі ў зносінах са СМІ.
Першым пунктам у пераліку пытаньняў значацца абвінавачваньні на адрас старшыні Фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава, якога апазналі сярод нападнікаў два месяцы таму на Рамана Бандарэнку, які неўзабаве пасьля гэтага памёр.
Сярод іншых пытаньняў:
- Спартоўцы ў турме ў Беларусі
- Выключэньне спартоўцаў з клюбаў і трэніровачнага працэсу
- Масавыя пратэсты каля «Менск-Арэны» і рэпартажы блогераў і журналістаў пра гэта
- Рызыка адключэньня інтэрнэту
- Захады Беларусі ў сувязі з COVID-19, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам
- Пагроза адмовы ўраду Латвіі ад сумеснага правядзеньня чэмпіянату і рызыка яго байкоту іншымі краінамі
У дакумэнце ёсьць і прапановы Міжнароднай фэдэрацыі хакея, датычныя Баскава:
- Павінна пачацца сур'ёзнае расьсьледаваньне справы Баскава
- Дазвол на міжнародную падтрымку/назіраньне (МАК/ МФК)
- Баскаў не выконвае свае функцыі старшыні да закрыцьця справы
На просьбу НАК зьяўленьне гэтага дакумэнту пракамэнтаваў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці Аляксандар Апейкін.
— Галоўная прычына, чаму ЧС да гэтага часу не перанесьлі зь Беларусі ў іншую краіну, — фінансавае пытаньне: адмена турніру праз байкот камандамі не прадугледжвае кампэнсацыі стратаў IIHF. Страхоўку могуць выплаціць, калі адмяніць чэмпіянат з прычыны ковіду або зь меркаваньняў бясьпекі. Страты Беларусі праз адмену ЧС таксама могуць быць істотнымі: штраф за 1 млн франкаў IIHF і 3 млн эўра Латвіі. Акрамя таго, Беларусь ужо выдаткавала 800 тысяч рублёў на падрыхтоўку, а на мадэрнізацыю спарткомплексу «Менск-Арэна» і ўвогуле плянуецца выдаткаваць 12 млн эўра.