Пра гэта паведаміла БелаПАН яго адвакатка. Пра якую справу гаворка і ў якім статусе знаходзіцца затрыманы, яна не ўдакладніла, бо дала падпіску аб неразгалошваньні.
Абаронца паспрабуе наведаць Аляксандрава ў ізалятары на Акрэсьціна.
Журналіст Андрэй Аляксандраў падазраецца ў дачыненьні да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Ён затрыманы ў якасьці падазраванага па арт. 342 Крымінальнага кодэксу, паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Кацярына Гарлінская.
«Гэты грамадзянін затрыманы ў сувязі з выяўленьнем датычнасьці да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, якія адбыліся на тэрыторыі Менску. Гэта артыкул 342 КК. У цяперашні момант ягоны статус — падазраваны», — сказала яна.
Андрэй Аляксандраў перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня. Амаль суткі родныя і калегі ня ведалі пра яго месцазнаходжаньне. 13 студзеня дырэктар БелаПАН адправіўся ў міліцыю пісаць заяву аб зьнікненьні чалавека, і там высьветлілася, што Аляксандраў у Кастрычніцкім РУУС Менску.
Абставіны затрыманьня журналіста невядомыя. Разам з Андрэем узялі пад варту яго дзяўчыну, яна цяпер таксама на Акрэсьціна.